20-ыя ўгодкі трагедыі на „Нямізе”



20 гадоў назад у Беларусі здарылася трагедыя, якая ўскалыхнула грамадства, але якую стараюцца забыць як мага хутчэй улады. У выніку цісканіны ў падземным пераходзе станцыі метро “Няміга” загінулі 53 асобы. Цяпер на месцы трагедыі стаіць невыразны і безэмацыйны мемарыял, на які практычна не звяртаюць увагу шматлікія мінакі.

Пра трагедыю на Нямізе, якая адбылася 30 мая 1999 года, напісана сотні артыкулаў, знятыя дзясяткі фільмаў і надрукавана некалькі кніг. Але, здаецца, беларускае грамадства ў чарговы раз спазняецца з асэнсаваннем той бяды, якая назаўжды стала асацыявацца з юнацтвам цяперашніх 40-гадовых.

20 гадоў таму ў сталічных падлеткаў было параўнальна мала атракцый, таму мы выкарыстоўвалі любую магчымасць схадзіць на канцэрты “на халяву”. Даведаўшыся пра тое, што ў цэнтры адбудуцца бясплатныя выступы некалькіх гуртоў, хай і не надта намі шанаваных, але, прынамсі, якія маглі сыграць жыўцом пару акордаў, мы з групай аднакласнікаў вырашылі наведаць мерапрыемства. Лішнім будзе казаць, што піва лілося ракой, у пашпарты асабліва ніхто з супрацоўнікаў гандлёвых кропак не заглядаў. Але пры гэтым, на дзіва, вялікай колькасці п’яных я не памятаю. Але памятаю жахлівую спёку, якая раптам змянілася чорнымі хмарамі. Напярэдадні нечаканай залевы вакаліст гурта “Манго-Манго” спрабаваў жартаваць у стылі “нашая музыка хутка разгоніць хмары”. Але раптам з неба праліўся моцны дождж з градам. Далей ужо наведнікі канцэрту пачалі паводзіць сябе згодна невытлумачальным законам натоўпа. Вялікія плыні людзей кінуліся ў падземны пераход. Памятаю нашую з хлопцамі нараду, дзе перачакаць непагадзь: у пераходзе ці пад мостам да Траецкага. Апошнім аргументам на карысць моста стала здарэнне, сведкам якога мы сталі. Малады афіцэр міліцыі, раскінуўшы рукі, спрабаваў спыніць моладзь у некалькіх дзясятках метраў ад увахода ў падземку. Але быў збіты з ног людской ракой, якую імкліва зацягвала ў вір падзямелля. Ён штосьці крычаў, але яго ніхто не чуў. Фуражка міліцыянта была ўтаптаная ў бруд. Убачыўшы гэта, мы пайшлі ў бок моста. Дарэчы, з яго таксама нехта спрабаваў скакаць у ваду, што было абсалютным глупствам. Узровень ракі ў тым месцы ледзьве сягаў да грудзей. А ў Свіслачы да чысткі дна было шмат будаўнічага смецця, арматуры. На нашых вачах парачку гарачых галоваў дасталі з вады і перадалі медыкам.

Пакуль мы з хлопцамі чакалі заканчэння дажджу пад мостам, у пераходзе гінулі людзі. Першыя шэрагі няшчасных падалі на падлогу, па іх шлі іншыя, якія не маглі спыніцца, бо іх штурхалі ў спіну тыя, хто не ведаў пра здарэнне. Кажуць, потым на гранітных сценах пераходу засталіся сляды ад чалавечых рук…

Неўзабаве той злашчасны пераход быў ачэплены міліцыянтамі. На месца правядзення канцэрту пад’ехалі дзясяткі экіпажаў хуткай дапамогі. Памятаю толькі нейкага хлопца ў разарванай кашулі, які, трымаючыся за бакі, нешта мармытаў пра страшную бяду.

Грамадскі транспарт у тым месцы, здаецца, не працаваў. Мы прайшліся пехатой у бок вуліцы Гарадскі вал, адкуль у маўчанні даехалі дадому.

Асабіста я ў тую ноч спаў вельмі дрэнна, сон перарываўся музыкай “Манго-Манго” і карцінай ашалелага натоўпу. У пяць раніцы я падскочыў з ложку. Спрабуючы дазнацца навіны, праз некалькі гадзін уключаў тэлевізар, але там транслявалася нейкая трагічная музыка з устаўкамі балету. “Мама, здарылася нейкая бяда”, — гаварыў я маці.

У той пераход я змог паехаць толькі праз пару тыдняў. Увесь тунэль быў завешаны самаробнымі плакатамі, фотаздымкамі прыгожых маладзёнаў, падлога ўся была застаўленая лампадкамі і заваленая гваздзікамі. На мармуры сябры і каханыя развітваліся са сваімі блізкімі, пакідаючы надпісы губной памадай ці фарбай. Праз пару месяцаў гэты народны мемарыял, які пакідаў магутнае ўражанне, быў старанна зачышчаны. А на месцы трагедыі ўсталяваны безаблічны помнік са зламанымі ружамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ