HrodnaMediaRoom у Гародні
У Гародні адбылося вялікае мерапрыемства для журналістаў пад назвай медыяпаці, дзе журналісты і блогеры знаёміліся з медыяпісьменнасцю.
Арганізатарам сустрэчы стала пляцоўка HrodnaMediaRoom. Пра мерапрыемства распавядае кіраўнічка HrodnaMediaRoom Вольга Корсун:
– Упершыню выпрабавалі такі новы фармат, як медыя-квіз, прысвечаны медыяпісьменнасці, увогуле свету беларускіх медыя. Ключавой фішкай была прэзентацыя паштовак па медыяпісьменнасці, якія намаляваў для HrodnaMediaRoom гарадзенскі мастак Алесь Сураў. Таксама падчас сустрэчы адбыўся музычны выступ Віктара Шалкевіча. Падаецца, што ўвогуле мерапрыемства адбылося ў вельмі цёплай сяброўскай атмасферы.
Алесь Сураў распавёў пра паштоўкі прысвечаныя медыяпісьменнасці:
– Я зразумеў, што для тых, зто зараз сядзіць у сеціве – гэта моладзь, а моладзь не купіш нейкімі занадта сур’ёзнымі, кандовымі рэчамі. Яна ўсё ўспрымае лёгка, спакойна, праз гумар, праз нейкія лёгкія малюнкі. Я пайшоў па гэтаму шляху, вельмі спадабалася. Усё, што напісана, зрабіць у адным малюнку, малюнак укласці. Менавіта праз нейкі сарказм, эзопавай мовай я маляваў асацыятыўную рэч, каб яна зацікавіла людзей, каб яна была вясёлая і цікавая. Калі ён перагарне на другі бок, то там ужо будзе сур’ёзная інфармацыя.
Усе ўдзельнікі медыя-квіза атрымалі ў якасці падарункаў дыскі з альбомамі Віктара Шалкевіча, а каманда пераможцаў – унікальныя кубкі праекта HrodnaMediaRoom.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня