Аляксандр Дземідзенка стане тварам Arborea Cymbals
Лідар беларускага фолк-рок гурта Re1ikt Аляксандр Дземідзенка стаў артыстам кампаніі Arborea Cymbals. Гэта адно з найстарэйшых прадпрыемстваў-вытворцаў медных ударных інструментаў. «Яны проста шукалі новых артыстаў ва ўсходняй Еўропе», – кажа Аляксандр Дземідзенка.
– Яны звязаліся са мной і спыталіся, ці цікава мне быць іх прадстаўніком, артыстам іх кампаніі. Гэта ўжо міжнародныя адносіны паміж артыстам і кампаніяй, якая вырабляе музычныя інструменты. І, канешне, я думаю, што гэта статус беларускай музыкі і гурта Re1ikt зробіць вышэй.
Таксама радаснай і доўгачаканай навіной для прыхільнікаў гурта стала тое, што пасля двух гадоў старанных пошукаў і падрыхтоўкі музыкі накіроўваюцца ў студыю, каб запісаць новую кружэлку:
– Мог бы сказаць, што гэта будзе суперкруты топ-альбом, які толькі можа быць. Ніколі я так не казаў пра сваю творчасць і нашу музыку, нашы песні, бо заўсёды меў нейкую няўпэўненасць, было недастаткова музычнага і прадзюсарскага досведу. Але на сённяшні дзень мне здаецца, што ў нас ўжо хапае ўсяго, каб зрабіць выдатны сусветны прадукт, і пачнем гэта рабіць ужо, напэўна, у суботу. Будзе нешта новае і вельмі крутое, якога яшчэ не было.
Новая кружэлка гурта Re1ikt будзе запісвацца у менскай студыі «Эверэст». Над ёй будзе працаваць гукарэжысёр Павел Сініла, з якім музыкі супрацоўнічаюць з 2010 года.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vk.com