Дарожны збор у Беларусі могуць уключыць у кошт паліва



Дарожны збор, які выплачваюць аўтаўладальнікі для фінансавання дарожнай інфраструктуры, можа быць уключаны ў кошт паліва, паведаміў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, адказваючы 31 мая на пытанні журналістаў у Палаце прадстаўнікоў.

З 2014 года для фінансавання дарожнай інфраструктуры ўсе аўтаўладальнікі ў Беларусі сталі выплачваць дзяржпошліну за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху (так званы дарожны збор). Пры гэтым дзяржпошліну аўтаўладальнікі выплачваюць падчас тэхагляду транспартнага сродку.

Праект указа прэзідэнта „Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху”, які быў падрыхтаваны сёлета, прадугледжваў, што дарожны збор аўтаўладальнікі будуць выплачваць асобна ад тэхагляду. Меркавалася таксама, што фізічныя асобы атрымаюць магчымасць пры адначасовым унясенні грошай за 12 і больш месяцаў выплачваць дарожны збор са зніжкай.

Аднак норма пра тое, што дарожны збор павінен выплачвацца асобна ад тэхагляду, пакуль не падтрыманая Адміністрацыяй прэзідэнта, паведаміў Кійко журналістам.

„Прапанова ўрада аб адвязцы дзяржаўнай пошліны ад тэхагляду і яе выплаты асобна пакуль не знайшла падтрымку. Таму зараз мы працуем над альтэрнатыўнымі варыянтамі, у тым ліку прапрацоўваем пытанне ўключэння дзяржаўнай пошліны ў кошт аўтамабільнага паліва”, — адзначыў намеснік міністра.

Ён удакладніў, што гэтая тэма яшчэ будзе абмяркоўвацца на дзяржаўным узроўні. „Калі такое рашэнне (аб уключэнні дзяржпошліны ў кошт паліва. — БелаПАН.) будзе прынятае, то аптымальна, каб яно ўвайшло ў сілу з 1 студзеня, каб яго можна было ў бюджэце на наступны год ўлічыць”, — сказаў Кійко.

Пры гэтым ён не выключыў, што рашэнне можа быць прынятае і сёлета. „Пакуль адназначна сказаць складана, калі гэта адбудзецца, бо пытанне будзе яшчэ абмяркоўвацца”, — дадаў намеснік кіраўніка Мінфіна.

БелаПАН