Лукашэнка: Будзе або новая Канстытуцыя, або змены ў дзейнай



Найбліжэйшым часам у Беларусі будзе або новая Канстытуцыя, або будуць уносіцца змены ў дзейную, заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 мая на сустрэчы з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных дзяржаў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі думаюць пра новы этап у сувязі са зменамі, якія „дыктуе само жыццё”. „Вельмі паскорыліся працэсы. Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць. Я папрасіў менавіта спецыялістаў Канстытуцыйнага суда, каб яны ўнеслі свае прапановы па магчымым удасканаленні нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем”, — сказаў ён. 

„Хачу вас запэўніць: дэмакратыі і свабоды ў Беларусі ніколькі не менш, чым у нашай роднай, брацкай Расеі, ці на Захадзе, ці далей — у краінах, якія развіваюцца. Ніколькі не менш, — заявіў Лукашэнка. — Але, магчыма, мы больш жорстка патрабуем парадку, таму што мы не такія багатыя, як Расея. Яна можа дапусціць памылку, але велізарныя багацці дапамагаюць гэтую памылку хутка выправіць”. 

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не валодае такімі рэсурсамі, таму ў краіне павольна прасоўваюцца рэформы: памылкі могуць дорага каштаваць.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь часта крытыкуюць за недастатковую развітасць дэмакратыі і незахаванне правоў чалавека. „Павінен заявіць вам як былы парламентарый, які мае дачыненне да распрацоўкі Канстытуцыі яшчэ да маёй прэзідэнцкай працы: мы старанна вывучылі канстытуцыі ўсіх краін. І я ў гэтым асабіста браў удзел, — сказаў Лукашэнка. — Супернавацый у нашай Канстытуцыі няма: мы ўзялі нешта прымальнае для нас з нашага мінулага, але зусім няшмат, усё астатняе мы запазычылі. Мы вучыліся не толькі ў сваіх суседзяў, але перш за ўсё ў іх, таму што яны блізкія нам па развіцці, з многімі мы былі ў адной дзяржаве. Але многае і многае мы запазычылі ў апірышчаў дэмакратыі, перш за ўсё Францыі і Злучаных Штатаў Амерыкі”. 

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што, развіваючы ў 1990-х гадах Канстытуцыю і іншыя прававыя акты, у Беларусі зыходзілі з існых рэалій.

Пытанне ўнясення зменаў у Канстытуцыю Беларусі абмяркоўваецца прыблізна два гады. Пра тое, што канцэпцыя змен у Асноўны закон яшчэ не распрацаваная, Лукашэнка заявіў, выступаючы са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту 19 красавіка. „Мяне ўвесь час у СМІ пытаюцца, асабліва ў інтэрнэце, падштурхоўваюць: ну скажы што-небудзь па Канстытуцыі. Ну што, гаварыць пра варыянты нейкія не варта. Гэта толькі варыянты, мы яшчэ нават не выпрацавалі канцэпцыю змены гэтай Канстытуцыі, яна з’явіцца тады, калі я атрымаю прапановы ад розных слаёў нашага грамадства”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

БелаПАН