Ці стане Уладзімір Сямашка “беларускім Бабічам”?
Палітолаг Валер Карбалевіч пракаментаваў наданне паслу Беларусі ў Расеі Уладзіміру Сямашку паўнамоцтваў віцэ-прэм’ера.
Нагадаем, што амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка атрымаў паўнамоцтвы віцэ-прэм’ера ў адпаведнасці з указам прэзідэнта Беларусі ад 30 мая.
Сямашка будзе адказваць за пытанні дзейнасці нашай краіны ў рамках Саюзнай дзяржавы. Яму давядзецца прадстаўляць Беларусь у кантактах са службовымі асобамі і дзяржорганамі Расеі, з органамі Саюзнай дзяржавы.
Нагадаем, што раней Уладзімір Пуцін надаў амбасадару Расеі ў Беларусі Міхаілу Бабічу статус спецпрадстаўніка з шырокімі паўнамоцтвамі, але ў таго не склаліся адносіны з беларускім кіраўніцтвам, і яго адклікалі назад.
Валер Карбалевіч: Калі праводзіць паралелі паміж статусам Бабіча і Сямашкі, то пэўнае падабенства ёсць, хаця беларускі бок адказаў са спазненнем. І трэба адзначыць, што пасада віцэ-прэм’ера значна вышэйшая, чым спецпрадстаўніка.
Гэтае прызначэнне паказвае, якое значэнне надаюць беларускія ўлады адносінам з Расеяй. Беларускі амбасадар у Расеі – гэта заўсёды важная і адказная пасада, але зараз, як бачым, важкасці яшчэ дадалі. Гэта такі дэманстратыўны жэст у бок Расеі.
РР: Расея адклікала з Менска амбасадара Міхаіла Бабіча, у хуткім часе на яго месца прыедзе новы дыпламат. Ці ўлічыць ён памылкі свайго папярэдніка альбо будзе працягваць тую лінію нахабнага павучання, якую праводзіў Бабіч?
Валер Карбалевіч: У кожнага чалавека свой асаблівы стыль, і ён не можа быць падобным на папярэдніка. Але, мяркую, новы амбасадар будзе весці сябе больш спакойна і дыпламатычна, чым Бабіч, не будзе правакаваць беларускія ўлады на канфлікты і скандалы.
Але ў любым выпадку трэба разумець, што любы амбасадар будзе праводзіць тую лінію, якую яму даручыла кіраўніцтва.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя