Аляксандр Бухвостаў: Спачатку ўлады павінны прапанаваць годныя заробкі
Прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў патлумачыў, чаму ў Беларусі працягваюць звальняць больш, чым прымаць на працу.
Па звестках Белстата, у сакавіку бягучага года працаўладкаваліся 46.839 чалавек, а звольніліся – 52.073.
Аляксандр Бухвостаў: Патлумачыць такую статыстыку можна, зыходзячы з некалькі фактараў. Па-першае, у Беларусі скарачаюцца аб’ёмы вытворчасці. Па-другое, многіх не задавальняе ўзровень заробкаў, і яны звальняюцца, каб знайсці больш высокааплочваемую працу. У звязку з гэтым трэба ўзгадаць, што многія шукаюць працу за мяжой – едуць у Расею, Польшчу, Літву.
Трэба адзначыць, што многія беларускія прадпрыемства працуюць дастаткова дрэнна, таму рабочыя там і не хочуць затрымлівацца.
РР: Ці стане дэкрэт аб “дармаедах” стымулам для таго, каб людзі як мага хутчэй працаўладкаваліся?
Аляксандр Бухвостаў: Не думаю. Калі ўлады думаюць, што тыя, каго называюць “дармаедамі”, не хочуць працаваць, глыбока памыляюцца. Людзі хочуць працаваць, але пытанне: за які заробак? Таму спачатку ўлады павінны прапанаваць годныя заробкі для ўсіх, а ўжо затым нешта патрабаваць.
Натуральна, што чалавеку лепш працаваць у ценявым рэжыме, чым хадзіць пяць дзён на тыдзень на працу за 300 рублёў у месяц. Ніхто ж не хоча працаваць за бясплатна, а ўлада да гэтага прымушае.
Я ўвогуле лічу, што вышэй згаданы дэкрэт не толькі не прынясе карысці, а ён увогуле стварае дадатковыя расходы ў эканоміцы. І, натуральна, не вырашае праблему беспрацоўя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя