Дзясяткі пытанняў слонімцы задалі Сяргею Чыгрыну падчас сустрэчы
У літаратурнай гасцёўні Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа слонімцы сустракаліся са сваім земляком – пісьменнікам, краязнаўцам, гісторыкам і журналістам Сяргеем Чыгрыном.
На сустрэчы вядомы слонімец не толькі прэзентаваў дзве свае новыя кнігі “Гістарычная мазаіка Слонімшчыны” і “Літаратурная Слонімшчына”, але і адказваў на шматлікія пытанні тых, хто завітаў на сустрэчу.
Што цікавіла слонімцаў, пра што яны пыталіся ў Сяргея Чыгрына? Пытанні былі самыя разнастайныя. Найбольш усіх хвалявала пытанне, чаму ў Слоніме не ўшаноўваецца памяць пра пісьменнікаў-землякоў? У горадзе няма ніводнага помніка слонімскім літаратарам. Які лёс чакае пакой-музей Валянціна Таўлая ў Слонімскім ліцэі, які з 1 верасня ўжо існаваць не будзе?
Слонімцы пыталіся, як і дзе можна знайсці звесткі пра сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў? Цікавілі прысутных і лёсы старых беларускіх выданняў, скарбаў, якія знаходзяцца ў розных краінах свету. Ці калі-небудзь іх вернуць на Беларусь? Пра гэта пыталіся гараджане. Навошта ў Слоніме знішчылі драўляны асабняк пачатку ХХ стагоддзя? Чаму не была захавана каралінская ліпа ў Альбярціне? Калі будуць рэстаўравацца львы каля палаца Пуслоўскіх і слонімская сінагога? Гэтыя і іншыя пытанні яны задавалі Сяргею Чыгрыну падчас сустрэчы. І, вядома ж, атрымлівалі на іх адказы. Цікавая сустрэча працягвалася больш за паўтары гадзіны і, вядома ж, была ўзаемакарысная для ўсіх.
Аксана Шпак, Беларускаяе Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара