У менскім катэдральным касцёле ўсталявалі шыльду ў гонар Станіслава Манюшкі
30 траўня ў менскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дабраславіў мемарыяльную шыльду ў гонар Станiслава Манюшкi.
Ініцыятарам ушанавання ў менскай катэдры памяці Станіслава Манюшкі — кампазітара, арганіста і дырыжора — выступіў Віктар Скорабагатаў, заслужаны артыст Беларусі, даследчык старадаўняй беларускай музыкі і мастацкі кіраўнік створанай ім «Беларускай капэлы».
Catholic.by пацікавіўся ў музыказнаўцы, чаму гэтая мемарыяльная шыльда з’явілася менавіта ў катэдры?
«Станіслаў Манюшка — гэта не проста кампазітар з сусветным імем.
Манюшка — наш самы „касцёльны“ кампазітар: ён 18 гадоў працаваў арганістам у віленскім касцёле святых Янаў і стварыў вялікую колькасць духоўных твораў, частка якіх увайшла ў славуты цыкл „Песні нашага касцёла“.
Акрамя таго, плошча Свбоды, на якой знаходзіцца катэдральны касцёл, — гэта своеасаблівы „музейны комплекс“ Манюшкі. Тут непадалёк, у доме нумар 21 па вуліцы Інтэрнацыянальнай ён жыў разам з сям’ёй у дзіцячыя і юнацкія гады, вучыўся ў Мінскай мужчынскай гімназіі, размешчанай па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 21. Вядома, ён як пабожны католік рэгулярна бываў у касцёле, які знаходзіцца насупраць.
Дарэчы, падобным чынам ушанавана памяць паэта Уладзіслава Сыракомлі, мемарыяльная шыльда ў гонар якога ўсталявана ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы».
Шыльда ў гонар Станіслава Манюшкі, якую ў 200-гадовы юбілей кампазітара благаславіў у катэдры арцыбіскуп Кандрусевіч, стала чацвёртым прысвечаным яму мемарыяльным знакам у раёне плошчы Свабоды разам з шыльдамі на згаданых будынках і помнікам, адкрытым тут тры гады таму.
«Не хапае толькі мемарыяльнай дошкі на цяперашнім гатэлі „Еўропа“, пабудаваным на тым месцы, дзе калісьці размяшчаўся Мінскі гарадскі тэатр, — кажа маэстра Скорабагатаў. — Менавіта са сцэны гэтага тэатра 9 лютага 1852 года ў оперы Станіслава Манюшкі на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча „Сялянка, або Ідылія“ ўпершыню з тэатральных падмосткаў загучала беларуская мова».
Дарэчы, прыгадвае музыкант, месца для мемарыяльнай шыльды ў касцёле выбраў сам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Яна размешчана пад хорамі, акурат пад арганам, а таксама пры ўваходзе ў касцёл, дзе яе ўбачыць кожны, хто ўваходзіць у святыню.
Мемарыяльную шыльду выканаў вядомы скульптар Валяр’ян Янушкевіч, аўтар шматлікіх твораў сакральнага мастацтва ў касцёлах па ўсёй Беларусі, а таксама мемарыяльных знакаў у гонар нашых славутых землякоў, якія можна ўбачыць таксама за мяжой.
У верхняй частцы мемарыяльнага знаку змешчаны радавы герб Манюшкаў «Крыўда». Пад ім — барэльефная выява кампазітара з надпісам лацінкай па-беларуску: «Станіслаў Манюшка. 1819–1872. Кампазітар, арганіст, дырыжор», а таксама нотны радок з яго другой Вастрабрамскай літаніі — Kyrie. Яшчэ ніжэй — надпіс на лацінскай мове Requiem æternam — кароткі малітоўны заклік «Вечны супакой».
Падчас Імшы ў менскім катэдральным касцёле гучалі духоўныя творы Станіслава Манюшкі. Пад іх узнёслыя гукі сэрцы вернікаў узносіліся ўгору, туды, куды ўзышоў Езус Хрыстус і куды імнецца кожная душа, якая славіць Бога.
Паводле catholic.by