Творчасць на падставе народных традыцый ад віцебскай студыі “Фольк.Арт”
У Віцебскім мастацкім музеі экспануецца незвычайная выстава: вялікую залю аддалі не дарослым мастакам, а дзецям – выхаванцам студыі “Фольк.Арт” .
Ужо 10 гадоў яна дзейнічае ў складзе гарадскога цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, і ўвесь гэты час ёй кіруе Наталля Курневіч – вялікая аматарка традыцыйных беларускіх рамёстваў.
-“Фольк.Арт” – таму што “фольк” – гэта народ, народная творчасць, “арт” –мастацтва. Мы вывучаем традыцыйныя рамёствы, імкнемся іх захаваць, але на іншым узроўні – каб гэта было не проста рамяство, а каб яно вырасла ў творчую працу. Каб сучаснаму пакаленню дзяцей паказаць, што нашы карані, нашы традыцыі – гэта вельмі важна. Толькі ведаючы свае традыцыі і карані, ты можаш знайсці сваё месца ў гэтым складаным свеце. Зразумець, хто ты, і ўсвядоміць сваю ўнікальнасць”.
Выстава “Дрэва жыцця” – гэта 136 твораў, выкананых у спалучэнні розных тэхнік : вышыўкі, вязання, аплікацыі, керамікі, працы з прыроднымі матэрыяламі. А таксама з этнаграфічнымі артэфактамі, якім выхаванцы “Фольк.Арту” разам са сваёй кіраўніцай даюць новае, абсалютна неверагоднае жыццё.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя