Меліярацыя па-савецку – як дабро ператварыць у зло



Штогод першая нядзеля чэрвеня ў краіне адзначаецца як Дзень меліяратара. Сапраўды, гэта свята для досыць шырокага кола суайчыннікаў, асабліва тых, хто мае значок “Ганаровы мелiяратар Рэспублiкi Беларусь”. Іншая рэч, якое стаўленне ў іх саміх да зробленай працы. Ці ёсць хоць кропля самакрытыкі, разумення памылак, зробленай шкоды жывёльнаму і расліннаму свету?

Летась Беларускае Радыё Рацыя апублікавала вялікі матэрыял “Меліярацыя Палесся: што гэта было і што далей?”. Артыкул адлюстроўвае ўсю гісторыю змагання з вялікай вадой на Палессі ад часоў ВКЛ да БССР, і, зразумела, асаблівая ўвага нададзена савецкаму перыяду. У публікацыі не адмаўлялася неабходнасць асушэння пэўных тэрыторый, але не тымі метадамі, якія нанеслі непапраўныя ўдары па прыродзе.

Пінскія балоты, кастрычнік 1934 год. Луіза Арнер Бойд.

Дарэчы шкоду ўжо пачалі асэнсоўваць менавіта пры саветах, яшчэ напрыканцы 1970-х гадоў. Тады групай навукоўцаў быў праведзены аналіз сітуацыі з наступнай высновай:

Скід балотных вод з меліярацыйных тэрыторый глыбокімі канавамі вядзе да зніжэння ўзроўню грунтавых вод, змене воднага, атмасфернага і цеплавога рэжымаў асушаючых тэрыторый, змяняе склад фаўны, структуру раслінных асацыяцый, месцамі выклікае абмяленне калодзежаў і рэк. Асушэнне балот негатыўна ўплывае на суседнія недзярновыя пяскі, лясныя масівы і сельскагаспадарчыя ўгоддзі на пясчаных глебах. Выраўноўванне і рэгуляванне рэк павялічвае іх нахіл і велічыню сцёку, што цягне за сабой паніжэнне ўзроўню вады ў іх або іх перасыханне. На асушаных тарфяніках падчас адсутнасці расліннасці развіваюцца працэсы тэрмічнага і мікрабіялагічнага распаду торфу, ветравой і воднай эрозіі…”

Працы ў нашыя дні, lelchitsy.by.

Заўвагі пачулі ў Маскве. У 1984 годзе на кастрычніцкім пленарным паседжанні ЦК КПСС, між іншым, разгледзелі пытанне далейшага лёсу меліярацыі Берасцейскай і Гомельскай абласцей БССР. Адмаўляцца ад асушэння ніхто не збіраўся, але пэўныя карэкціроўкі былі ўведзеныя. Данесці іх да жыхароў “краіны багнаў” узяліся таварышы навукоўцы Русецкі (кандыдатат тэхнічных навук) і Мядзьведскі (кандыдатат сельска-гаспадарчых навук). 11 студзеня 1985 года на старонках “Палескай праўды” з’явіўся іх сумесны артыкул “Палескі польдар”.

Той самы артыкул за студзень 1985 года.

Аўтары пачалі з гісторыі, нагадаўшы чытачам, што на момант 1966 года на Палессі было асушана 562 тысячы гектараў балот, і гэта дазволіла ў некаторых сельскіх гаспадарках павялічыць нарыхтоўку сена на 90-100%. Не абышлі ўвагай і бяспеку саміх жыхароў, паляпшэнне інфраструктуры, маўляў, дбаем не толькі пра саўгасы. І пасля гэтага, атрымоўваецца трэцім пытаннем, прагучала тэма навакольнага асяроддзя.

У апошнія гады з мэтай аховы прыроды, гэта значыць захавання месцаў нерасту і ўмоў пражывання рыб, умоў узнаўлення воднай і іншай дзічыны, а таксама захавання натуральна існуючага воднага рэжыму на прылеглых тэрыторыях да аб’ектаў меліярацыі, адбылася карэнная пераарыентацыя тэхнічнай палітыкі на пераважнае прымяненне польдарнага спосабу”, – пісалі кандыдаты навук.

Цікава, што яшчэ ў 1934 годзе, наведаўшы з экспедыцыяй Піншчыну, амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд раіла мясцовым ўладам выкарыстоўваць менавіта польдарную сістэму на Палессі. Такі падыход добра зарэкамендаваў сябе ў Італіі, Нямеччыне і Нідэрландах. Пра тое ж казаў і буйны прамысловец, палітык Раман Скірмунт. У СССР затрымаліся ажно на паўстагоддзя, праводзячы на працягу 1960-80-х гадоў суцэльнае асушэнне, так званую глыбокую меліярацыю, якая і змяніла аблічча поўдня Беларусі.

Луіза Арнер Бойд (1887-1972), Раман Скірмунт (1868-1939).

Характэрнай асаблівасцю сучаснага этапу з’яўляецца пераход ад лакальнай агароджы участкаў поймаў да іх адамбавання па ўсёй даўжыні рэк або частак, якiя вызначаюцца дзясяткамі кіламетраў. Пры гэтым дамбы знаходзяцца не ў самога рэчышча ракі, а на такой адлегласці, каб паміж трасай дамбы і ракой размяшчалася патрэбная водаахоўная паласа. Акрамя гэтага, пакідаюцца ў натуральным стане каштоўныя месцы нерасту рыб, гнездавання птушак, паселішчаў баброў і г.д. Такі падыход да меліярацыі поймаў мы лічым найбольш правільным, ён дазваляе ў значнай меры павысіць прадуктыўнасць патэнцыйна высока ўрадлівых участкаў поймаў, выключыць адмоўны ўплыў на іх працяглых вясновых і летне-асенніх паводак ды адначасова захаваць у натуральным стане прыродныя копмлексы”, – запэўнівалі Русецкі і Мядзьведскі.

Меліярацыя на Палессі за савецкім часам, tut.by.

Як бачым, пытанне аховы прыроды загучала, канечне, яно не магло стаць сур’ёзнай супрацьвагай змаганню за павелічэнне сельскагаспадарчых угоддзяў, але ж відавочны зрух. Той жа Раман Скірмунт таксама перш за ўсё праз меліярацыю бачыў развіццё аграрна-прамысловай галіны ў краі. “Палессе – гэта цэлы край, які патрабуе культурнага заваявання. Палескія балоты могуць даць 4 мільёны дзесяцін найлепшых лугоў і пашняў, цяпер уяўляюць толькі да нічога непрыдатную зямлю”, – казаў прэм’ер БНР у інтэрв’ю газеце “Менскі штотыднёвік” у траўні 1918 года. Гісторык Станіслаў Рудовіч пісаў, што Скірмунт спадзяваўся прыцягнуць германскі капітал і тэхніку для асушэння Палесся, што, на яго думку, паспрыяла б хуткаму развіццю жывёлагадоўлі і дазволіла б нават ажыццяўляць вытворчасць кармоў на экспарт.

Увогуле нельга казаць, што да сярэдзіны ХХ стагодзя меліярацыі Палесся не было, яна праводзілася. Усё паступова, без гонкі ў планы, якія так любіла даводзіць Кампартыя. Такім чынам, атрымалася, што меліярацыя ў БССР – адзін з савецкіх эксперыментаў, які засведчыў, як нельга асушаць. Па вялікім рахунку, сама краіна Саветаў – гэта сацыяльна-палітычны эксперымент бальшавікоў над цэлымі народамі.

Колішняя веліч палескіх рэк, кастрычнік 1934 год. Луіза Арнер Бойд.

Артыкул “Палескі польдар” кандыдаты навук завяршалі абгрунтаваннем, наколькі меліярацыя неабходна калгасам, даводзілі да чытача, што дзякуючы асушэнню багнаў павялічылася ўрадлівасць і жывёлагадоўля ў гаспадарках “Аснежыцкі” імя Горкага, “Шлях Леніна” ды “Парахонскае”. У часы гарбачоўскай перабудовы сталі выяўляцца факты, калі шэраг калгасаў выкарыстоўвалі асушаную зямлю, але не ўключалі яе ў свой склад. Такім чынам, паказваўся рост гаспадаркі.

У 2010 годзе ў меліяратараў Беларусі з’явіўся афіцыйны гімн, яго напісаў ураджэнец Піншчыны Міхаіл Башчук, які адпрацаваў у гэтай сферы звыш 30-ці гадоў.

Прастор палёў і там жа дрэны-жылы, Затокаў сінь, каналы напрасткі — Старанна на балоце палажылі Мы ў спадчыну, як родныя бацькі.

Меліяратары! Тварцы вы на зямлі. Меліяратары! Зрабіць вы цуд змаглі. За нівы хлебныя, Лугі зялёныя Пашана вам і слава на вякі!

Шчыруем на асвоеным раздоллі, Спрадвеку дзе шапталі чараты. З вятрамі сёння годна тут аб долі Гамоніць колас важкі, залаты.

Вітае песня жніўная на полі У светлы дзень любові і надзей. Не змые час паводкаю ніколі Зямны наш след у памяці людзей.

Розныя вершаваныя радкі Башчука рэгулярна з’яўляюцца на старонках пінскіх газет. Ён усяляк выказвае любоў да роднай прыроды і пры гэтым усё жыццё прысвяціў асушэнню “краіны багнаў”. Можа быць разуменне памылак, самакрытыка штурхае на спробы праз творчасць неяк выбачыцца? Ці, наадварот, растлумачыць, колькі карысці меліярацыя прынесла роднай зямлі?

У любым выпадку цяжка не пагадзіцца з ягонымі словамі: “Не змые час паводкаю ніколі Зямны наш след у памяці людзей”. Сапраўды, ніякая паводка сітуацыі не выправіць…

Сучасная Піна.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск