„Белнафтахім” супраць уключэнне дарожнага збору ў кошт паліва



 Канцэрн „Белнафтахім” не падтрымлівае ідэю пра ўключэнне дарожнага збору ў кошт паліва.

„Гэта можа прывесці да далейшага росту цэн на паліва”, — заявіў БелаПАН суразмоўца, знаёмы з пазіцыяй „Белнафтахіма”.

Нагадаем, з-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ „Белнафтахім” другі год практычна штотыдзень падымае ў цане аўтамабільнае паліва. У 2018 годзе большасць відаў паліва ў Беларусі даражэла 27 разоў. У гэтым годзе паліва ў Беларусі даражэла 15 разоў, апошні раз у мінулую нядзелю, 2 чэрвеня.

Паводле звестак БелаПАН, Нацыянальны банк, які адказвае за інфляцыю ў краіне, таксама можа не падтрымаць ідэю аб уключэнні дарожнага збору ў кошт паліва. Рэгулятар лічыць, што тэма ўключэння дарожнага збору ў кошт паліва патрабуе абмеркавання.

„Калі рашэнне пра ўключэнне дарожнага збору ў кошт паліва будзе прынята без усялякіх кампенсацыйных мер, якія маглі б стрымліваць інфляцыю, Нацбанк, напэўна, такі варыянт не падтрымае”, — лічыць суразмоўца БелаПАН у фінансавых колах.

Нагадаем, з 2014 года для фінансавання дарожнай інфраструктуры ўсе аўтаўладальнікі ў Беларусі сталі выплачваць дзяржпошліну за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху (так званы дарожны збор). Пры гэтым дзяржпошліну аўтаўладальнікі цяпер павінны аплачваць падчас праходжання тэхагляду транспартнага сродку.

Праект прэзідэнцкага ўказа „Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху”, які быў вынесены на грамадскае абмеркаванне ў гэтым годзе, прадугледжваў, што дарожны збор аўтаўладальнікі будуць выплачваць асобна ад тэхагляду. Меркавалася таксама, што фізічныя асобы атрымаюць магчымасць пры адначасовым унясенні грашовых сродкаў за 12 і больш месяцаў аплачваць дарожны збор са зніжкай.

Аднак норма праекта дзяржрашэння аб тым, што дарожны збор павінен выплачвацца асобна ад тэхагляду, пакуль не падтрымана Адміністрацыяй прэзідэнта, паведаміў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, адказваючы 31 мая на пытанні журналістаў.

„Прапанова ўрада аб адвязцы дзяржаўнай пошліны ад тэхагляду і яе выплаты асобна пакуль не знайшла падтрымку. Таму цяпер мы працуем над альтэрнатыўнымі варыянтамі, у тым ліку прапрацоўваем пытанне ўключэння дзяржаўнай пошліны ў кошт аўтамабільнага паліва”, — адзначыў Кійко.

Ён удакладніў, што гэтая тэма яшчэ будзе абмяркоўвацца на дзяржаўным узроўні. „Калі такое рашэнне (аб уключэнні дзяржпошліны ў кошт паліва.) будзе прынята, аптымальна, каб яно набыло моц 1 студзеня, каб яго можна было ў бюджэце на наступны год улічыць”, — сказаў Дзмітрый Кійко.