Беларускі баяніст прадстаўляў Чэхію на фестывалі ў Варшаве (абноўлена)



Аляксандр Ясінскі выступіў з міжнацыянальным гуртом Shum Davar (Чэхія) на Міжнародным фестывалі Варшавы ў парку „Агрыкола”.

Выступ быў прымеркаваны да Міжнароднага дня дзіцяці:

– Гурт Shum Davar аб’ядноўвае музыкаў з Чэхіі, Славакіі, Беларусі і Грузіі. Граем мы такую сумесь клезмера, балканскай музыкі, усходнееўрапейскага фальклору, цыганскай музыкі і джазу.

Shum Davar існуе 6 гадоў і за гэты час выступіў на шэрагу фестываляў, шматлікіх клубных канцэртах ды выпусціў два дыскі:

– Выканаю свае ўласныя творы, французскія шансоны, Аргентынскае танга, джазавыя кампазіцыі, балканскую музыку, вельмі цікавыя яскравыя творы, якія я імкнуўся выконваць эмацыйна, каб шырокаму колу слухачоў з розных музычных бэкграўндаў і рознага ўзросту было цікава слухаць.

Музыка выступіў з сольным канцэртам у кавярні Karrot. Баяніст выканаў французскія шансоны, джазавыя кампазіцыі, балканскую музыку і ўласныя творы, якія вельмі ўразілі публіку:

– Першы раз быў на яго канцэрце, які насамрэч пакінуў моцнае ўражанне. Яго пальцы гіпнатызуюць, калі на іх глядзіш.

– На працягу апошніх дзён мы правялі такі міні фестываль беларускай музыкі ў кавярні Karrot. Гэта вельмі кліматычнае месца, дзе выступаюць найлепшыя артысты андэграўнднай сцэны ў Варшаве. 

– Варта вяртацца раз ці два на год у тыя месцы, дзе чалавек грае. Калі публіка прыходзіць, то для музыкі гэта вельмі добры знак. 

– Пабачыла аб’яву. Паслухала яго творы з вялікай прыемнасцю і абсалютна не шкадую. Запрасіла сваіх сяброў і мужа.

Паўтары гадзіны выступу было не дастаткова і публіка выклікала музыку на біс яшчэ тройчы. Аляксандр Ясінскі жыве і працуе ў Празе. Музыка грае ў розных гуртах і стварае музычныя праекты. Піша музыку да кіно, спектакляў, а таксама сімфанічных аркестраў.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Patrick Marek