Беларусь адпампуе ўсю няякасную нафту ў Расею да сярэдзіны жніўня



Беларусь адпампуе ўсю няякасную нафту ў Расею да сярэдзіны жніўня, паведаміў БелаПАН галоўны інжынер ААТ „Гомельтранснафта Дружба” Андрэй Вярыга.

З 24 мая, паводле яго слоў, у Расею выцеснена больш за 200 тысяч тон нафты, забруджанай хлорарганікай. Крыху менш за адзін мільён тон застаецца на тэрыторыі Беларусі.

Як паведаміў Вярыга, ачышчэнне нафтаводнай сістэмы ад бруднай нафты прадугледжваецца дарожнай картай.

Паводле яго слоў, чыстая нафта будзе перапампоўвацца па адной з нітак нафтавода „Дружба” у бок Польшчы. Гэтая нафта будзе выціскаць няякасную сыравіну з іншых нітак нафтавода ў бок расейскай станцыі ва Унечы. Галоўны інжынер паведаміў таксама, што Беларусь не плануе купляць брудную нафту для наступных яе змешвання з чыстай і перапрацоўкі.

З-за аварыі на нафтаводзе ў маі ААТ „Гомельтранснафта Дружба” прапампавала ўсяго 7% ад запланаваных аб’ёмаў, сказаў галоўны інжынер прадпрыемства. Згодна з прагнозамі беларускага аператара „Дружбы”, паводле вынікаў гэтага года Беларусь зможа прапампаваць на Захад прыблізна 40 млн тон расейскай нафты, тады як летась было пастаўлена 48,9 млн тон.

Недаатрыманая выручка ад транзіту, а таксама выдаткі на ліквідацыю наступстваў аварыі, у тым ліку дыягнастычныя работы, будуць улічвацца аператарам пры падліку страт, паведамляла БелаПАН крыніца ў нафтавай галіне Беларусі.

„Калі мы ліквідуем наступствы, сядзем і зможам цвяроза ацаніць, колькі мы страцілі. Канец жніўня — гэта той тэрмін, які акрэслены па падліку страт. Пакуль нельга нават прыблізна сказаць, колькі гэта складзе”, — адзначаў суразмоўца.

Забруджаная хлорарганікай сыравіна пачала паступаць у Беларусь па трубаправодзе ў красавіку. З-за няякаснай расейскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Неўзабаве транзіт нафты ў Еўропу па трубаводзе „Дружба” быў цалкам спынены. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку мая.

11 мая Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з-за паставак няякаснай расейскай нафты Беларусь страціла „велізарныя грошы” — сотні мільёнаў долараў. Паводле ацэнкі беларускіх спецыялістаў, недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у красавіку склала 108 млн долараў, а урон ад пашкоджанага абсталявання Мазырскага НПЗ — прыкладна 30 млн долараў. У сваю чаргу міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак заявіў, што агульная шкода ад забруджвання нафты ў трубаводзе „Дружба”, хутчэй за ўсё, не перавысіць 100 млн долараў.

Беларусь і Расея стварылі працоўную групу, якая ў тым ліку зоймецца ацэнкай шкоды ад аварыі на „Дружбе”.

БелаПАН