Агінскі і масоны



Бадай, адной з самых незвычайных навінаў прамінулага тыдня стала навіна пра заснаванне масонскай Вялікай ложы Беларусі. Неверагодна, але факт: дасюль існуе гэта таямнічая арганізацыя, да якой мелі дачыненне многія вядомыя беларусы-ліцвіны і пра якую пісаў Леў Талстой.

Вядомую “Вайна і мір” тыя ж беларусы-ліцвіны дасюль вывучаюць у школе. Класіка заўжды актуальная? Добра, давайце ставіць пытанне такім чынам – талерантна. І ўсё ж на Усходзе з’яўленню незалежнай беларускай ложы не ўзрадаваліся, затое прызналі яе ў Літве, Польшчы ды Украіне… Раней у Беларусі існавала шэсць масонскіх ложаў, якія прызнавалі вяршэнства расейскай. Пра стварэнне незалежнай беларускай напісала “Наша ніва”, і тры незалежныя крыніцы пацвердзілі выданню, што вялікім майстрам Вялікай ложы стаў літаратар і журналіст “Радыё Свабода” Сяргей Дубавец. Апошні каментароў не дае, маўчыць… Масонаў стыль – усё як мае быць!

Ці быў масонам Міхал Клеафас Агінскі – пытанне… Пытанне хутчэй рытарычнае, бо прасцей сказаць, хто з магнатаў тых часоў масонам не быў. У нашы дні бясспрэчна ёсць масонская ложа “М. К. Агінскі”. Панове маюць свой сайт і аператыўна каментуюць тэму стварэння новай ложы: прапаноўваюць сябраваць “ложамі”, адмяжоўваюцца ад расейскай ды новастворанай беларускай “суполак” і нагадваюць пра сваю дабрачынную ды культурна-асветніцкую дзейнасць. Нічога больш… Агінскі таксама быў дыпламатам.

Насамрэч невядома, ці ўхваліў бы Міхал Клеафас стыль дзеянняў сучаснага масонства розных відаў… Сваё імя адной з ложаў ён дакладна не дазволіў бы ўзяць…

Музычныя таленты жыхароў свайго былога маёнтка ў Залессі палітык і кампазітар яўна ўхваліў бы! Днямі тут прайшоў справаздачны канцэрт музычнай школы мастацтваў ды дзіцячы баль “Паўночныя Афіны” і іх маленькія жыхары”. Паланэзы і мазуркі, італьянскі раяль і скрыпкі. Лета. Цяпло. Кветкі. Вакацыі… Дрэс-код на балі – ужо традыцыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ