Леанід Кучма вяртаецца ў кантактную групу па Украіне
Экс-прэзідэнт Леанід Кучма зноў будзе прадстаўляць Украіну ў трохбаковай кантактнай групе (Украіна — АБСЕ — Расея) па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Пра гэта абвешчана на брыфінгу з удзелам новага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і Леаніда Кучмы 3 чэрвеня ў Кіеве, прамую трансляцыю якога вёў тэлеканал ТСН Live.
Зяленскі адзначыў, што ва ўкраінскіх уладаў ёсць сфарміраваная пазіцыя аб неабходнасці актывізацыі перамоў у нармандскага фармаце і „разблакаванні мінскіх перамоў”. „У нас ёсць, сапраўды, вельмі канкрэтныя прапановы. І ніхто тэрыторыяй і суверэнітэтам Украіны гандляваць не збіраецца”, — заявіў прэзідэнт Украіны.
„Я вельмі рады, што Леанід Данілавіч да нас далучыўся, я разумею, што гэта вельмі цяжка для прэзідэнта Кучмы, асабліва для яго сям’і. У нашай групы ўжо ёсць канкрэтныя прапановы не толькі па спыненні вайны, але і па Мінскіх пагадненнях, і 5 чэрвеня мы прадставім іх”, — дадаў ён.
Паводле слоў Зяленскага, украінскі бок прапаноўвае ўвесці „зразумелыя тэрміны выканання” дамоўленасцяў.
Кучма заявіў, што ў складаныя для Украіны часы ён „заўсёды прывык прымаць рашэнні і выконваць іх”.
Другі прэзідэнт Украіны прадстаўляў афіцыйны Кіеў на перамовах кантактнай групы ў Мінску больш за чатыры гады — з моманту яе стварэння ў жніўні 2014 да кастрычніка 2018 года. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Кучма сам папрасіў прэзідэнта Пятра Парашэнку аб складанні з яго паўнамоцтваў у кантактнай групе. На гэтай пасадзе яго змяніў экс-кіраўнік Савета бяспекі Украіны Яўген Марчук, які да гэтага прадстаўляў украінскі бок у падгрупе па бяспецы. У маі ён заявіў аб спыненні сваёй працы.
Таксама са складу ўкраінскай дэлегацыі выйшла першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады Украіны Ірына Герашчанка. Яна была прызначаная прадстаўніком Украіны ў падгрупе па гуманітарных пытаннях у маі 2015 года. Пакідаючы пасаду, Герашчанка заявіла, што „мінскі працэс цяпер знаходзіцца ў глыбокай коме”.
Апошняе пасяджэнне кантактнай групы адбылося 24 красавіка. Тады бакам не ўдалося дамовіцца аб аб’яўленні „велікоднага перамір’я”. Наступнае пасяджэнне павінна было адбыцца 22 мая, аднак было перанесенае на 5 чэрвеня. Прычыны пераносу не называліся.
Фота 24 СМІ