Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі з Гарадзенскага мясакамбіната



Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расеі (Рассельгаснагляд) 3 чэрвеня ўвяла часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расею прадукцыі ААТ „Гродзенскі мясакамбінат”.

У паведамленні расейскага ведамства гаворыцца, што такое рашэнне прынятае „ў сувязі з паўторным выяўленнем хіналонаў (дыфлаксацыну) і першасным выяўленнем бензілпеніцыліну ў каўбасных вырабах”.

Акрамя гэтага, Рассельгаснагляд увёў рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да 11 беларускіх прадпрыемстваў мясной і малочнай галіны. У прыватнасці ўзмоцнены лабараторны кантроль будзе дзейнічаць у дачыненні да прадукцыі агракамбіната „Сноў”, кампаніі „Беллакт”, Маладзечанскага малочнага камбіната, Аршанскага мясакансервавага камбіната.

Расейскае ведамства тлумачыць увядзенне ўзмоцненага лабараторнага кантролю тым, што былі выяўленыя незаяўленыя ДНК у мясной прадукцыі і бактэрыі групы кішачнай палачкі ў малочнай прадукцыі.

Паводле афіцыйных звестак, да цяперашняга часу дзейнічаюць абмежаванні ў дачыненні да 60 беларускіх прадпрыемстваў на пастаўкі мясной і малочнай прадукцыі ў Расею.

У першым квартале 2019 года экспарт беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Расею знізіўся (па шэрагу пазіцый) на 15—30% у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года.

Так, у студзені—сакавіку Беларусь экспартавала ў Расею 22,5 тыс. тон свежай і астуджанай ялавічыны на 79,9 млн долараў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года пастаўкі знізіліся на 16,1% у фізічным выражэнні і на 23,1% — у вартасным.

Экспарт беларускага мяса і субпрадуктаў свойскай птушкі ў Расею ў першым квартале склаў 29,7 тыс. тон — зменшыўся на 14,5% у фізічным выражэнні і на 5,5% у вартасным у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Скараціўся экспарт каўбас. За студзень—сакавік Беларусь паставіла на расейскі рынак 6,5 тыс. тон каўбас і аналагічных прадуктаў з мяса, што на 26,9% менш у фізічным выражэнні і на 31,1% — у вартасным.

На праблемы з экспартам беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Расею звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка 16 мая, прызначаючы кіраўнікоў прадпрыемстваў і аблвыканкамаў.

„На нашых традыцыйных рынках, вы бачыце, вельмі складана сёння працаваць. Тым больш Расея сябе такім чынам паводзіць — незразумелым. Нават планы выпрацавалі з імі — балансы паставак малака, мяса, і мы іх не выконваем, бо закрылі рынак… Нам трэба абмяркоўваць сур’ёзна на высокім узроўні, узроўні ўрадаў, гэтую праблему”, — заявіў Лукашэнка.

БелаПАН