У Берасці аштрафаваны яшчэ адзін удзельнік шэсця



У Берасці аштрафаваны яшчэ адзін удзельнік шэсця праціўнікаў акумулятарнага завода.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, 3 чэрвеня суд Берасцейсага раёна прызнаў Эдуарда Сіліцкага вінаватым па ч. 1 арт. 23.34 КаАП і аштрафаваў на пяць базавых велічынь (127,5 рубля) за ўдзел у шэсці 7 красавіка.

„Заўтра ў судзе Ленінскага раёна Берасця будуць судзіць Яўгена Саўчука за ўдзел у такім жа шэсці. Наколькі мне вядома, у чэрвені гэта будзе не апошні суд над праціўнікамі акумулятарнага завода”, — сказаў праваабаронца.

У траўні ў Берасці было аштрафавана сем актывістаў: адзін — за ўдзел у шэсцях праціўнікаў акумулятарнага завода 7 і 14 красавіка, чатыры — за ўдзел у шэсці 7 красавіка, два — за ўдзел у шэсці 14 красавіка.

У красавіку аштрафавана 16 актывістаў: дзесяць — за ўдзел у шэсці праціўнікаў завода 7 красавіка, пяць — за ўдзел у шэсці 14 красавіка, адна актывістка — за раздачу жоўтых надзіманых шароў 31 сакавіка на плошчы Леніна.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасце і Берасцейскім раёне 181 мітынгу, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі завода з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю збіраюцца на плошчы Леніна ў Берасці.

25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзідэнта быў перададзены новы калектыўны зварот праціўнікаў завода.

З 3 траўня каля прадпрыемства кругласутачна, змяняючы адзін аднаго, дзяжураць актывісты. Яны лічаць, што завод, яшчэ не прыняты ў эксплуатацыю, ужо фактычна працуе і выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства ўжо паўнавартасна выпускае прадукцыю. Праціўнікі завода фіксуюць факты, якія, на іх думку, пацвярджаюць гэта, і накіроўваюць звароты аб парушэннях у адпаведныя інстанцыі.