Беларусы ў выбарах 1989 году ў Польшчы



Беларусы ў выбарах 1989 году ў Польшчы. У Беластоку прайшла дыскусія, прысвечаная 30-годдзю першых часткова свабодных парламенцкіх выбараў, якія адбыліся 4 чэрвеня 1989 году.

Падчас іх шмат гаварылася пра ўдзел у гістарычных падзеях прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, найперш беларусаў, а таксама пра погляд на тыя падзеі з боку краін-суседзяў. У беларускім асяроддзі ў той час паўстаў першы Беларускі выбарчы камітэт, які вылучыў Сакрата Яновіча ў Сенат і Яўгена Мірановіча ў Сейм.

Узгадвае прафесар Яўген Мірановіч:

– Нам прапанавалі супрацоўніцтва перш за ўсё прадстаўнікі варшаўскай „Салідарнасці”. З беластоцкай „Салідарнасцю” мы не мелі ніякага кантакту, хоць яны былі побач, нават знаёмыя нашыя. Усё ж такі ў Беластоку на беларускае асяроддзе глядзелі праз прызму нейкай міфалогіі, што гэта ўсё камуністы, што хочуць далучыць Беласточчыну да Савецкага Саюза. Дарэчы, тады ніхто не ведаў, што мы можам нечага дабіцца. Ішло пра тое, каб прадэманстраваць, што беларусы жывуць на Беласточчыне.

Прафесар Алег Латышонак падкрэслівае, што ўдзел у выбарах 1989 году дазволіў беларусам гучна пра сябе заявіць, нават не зважаючы на тое, што беларускім кандыдатам, якія стартавалі самастойна, не ўдалося атрымаць мандаты ў Сенаце і Сейме:

– Безумоўна, мы вельмі моцна заявілі пра сваё існаванне. Я лічу, што мы прынялі добрае рашэнне, бо калі б мы тады не стварылі выбарчы камітэт, то нас не было б. А так выступілі на выбарчых мітынгах, выдавалі ўлёткі, арганізоўвалі людзей. Шмат людзей пачула, што існуе беларускі рух. Тады на жменьку дзеячаў была выканана вялікая праца.

Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

На выбарах 4 чэрвеня 1989 году Сакрат Яновіч атрымаў амаль 22,5 тысячы галасоў, а Яўген Мірановіч – больш за 14 тысяч. Змаганне за свабодныя мандаты выйгралі прадстаўнікі прафсаюзу „Салідарнасць”. У хуткім часе пасля выбараў беларусы вырашылі стварыць сваю палітычную партыю – Беларускай дэмакратычнае аб’яднанне.

Дыскусія на тэму 30-годдзя першых часткова свабодных выбараў у Польшчы прайшла ў Дзяржаўным архіве ў Беластоку, дзе працуе выстава арыгінальных дакументаў з тых часоў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя