Галоўны вораг “Беллегпрама”



Кепскаму танцору самі ведаеце што перашкаджае. Вось ужо колькі год “Беллегпрам” усё спрабуе стварыць такую прадукцыю, каб яе раскупалі. А народ у нас зусім непатрыятычны: альбо на кітайскіх сайтах рэчы набывае, альбо ў сэкандах закупаецца. Ужо і ліміты маюцца на бязмытныя пасылкі з-за мяжы: у месяц у сукупнасці можна атрымаць пасылак не болей чым на 200 еўра, прычым норма на адно адпраўленне – 22 еўра. І вось цяпер вырашылі ўзяцца за сэкандхэнды.

Беларускія джынсы “Беллегпрам” абяцаў яшчэ некалькі гадоў таму. Тады планавалі рабіць пацёртыя джынсы са льну. Ужо і мода памянялася. А “Беллегпрам” нас так ільнянымі джынсамі і не парадаваў. Затое новая кіраўнічка канцэрну заявіла, што сфера сэкандхэндаў патрабуе дадатковага вывучэння. Што там можна вывучаць, вядома толькі кіраўніцтву “Беллегпрама”. Аднак на сёння сэкандхэнд з’яўляецца адным з самых папулярных накірункаў бізнесу. Асабліва пасля спрашчэння шэрагу санітарных нормаў, іх стала так жа многа, як і цырульняў у нашай краіне.

Нягледзячы на вялікую колькасць, у некаторыя сэканды выстройваюцца цэлыя чэргі. Прычым не толькі ў рэгіёнах, але і ў сталіцы. Такімі чэргамі крамы “Беллегпрама” пахваліцца не могуць. Таму нешта падказвае, што пад дадатковым вывучэннем і паглыбленнем сэкандаў маецца на ўвазе стварэнне такіх умоваў, што індывідуальным прадпрымальнікам стане проста нявыгадна ўтрымліваць крамы сэкандхэндаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ