Жыхары Першамайскага раёна Менска хочуць правесці мясцовы рэферэндум
Ініцыятыўная група жыхароў, якія змагаюцца супраць забудовы квартала ў межах вуліц Коласа – Калініна – Чорнага – Сурганава, падалі ў суд на мясцовую адміністрацыю. Яны патрабуюць скасаваць вынік грамадскіх слуханняў, якія прайшлі ў закрытым рэжыме і іх меркаванне не было ўлічана. Актывісты плануюць бліжэйшым часам запусціць петыцыю з патрабаваннем адстаўкі кіраўнікоў раёна ды пачаць збор подпісаў за мясцовы рэферэндум.
«Шмат людзей у нашым раёне гатовыя змагацца за свой дабрабыт», – кажа жыхарка квартала Ганна Кавалёва:
– Шмат актывістаў з суседніх кварталаў далучаюцца да нас, дзеляцца з ахвотай досьведам, дакументамі. Архітэктары гавораць пра тое, што такога кропкавага будаўніцтва, калі на пустое месца проста кідаецца дом, не павінна быць.
Па словах кіраўніка Руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, які таксама жыве ў гэтым раёне, мясцовыя чыноўнікі наўпрост ігнаруюць распараджэнні кіраўніка краіны.
– У рамках Першамайскага раёна – гэта найменшая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, дзе можна правесці такі рэферэндум, прычым пытанні паставіць у тым ключы, пра які неаднаразова казаў кіраўнік краіны, а менавіта, што ў Менску мусіць быць спынена неабгрунтаванае ўшчыльненне і спынена вырубка зялёных насаджэнняў.
Паводле зацверджанага плана забудовы раёна, на месцы дзіцячых пляцовак, садкоў ды зялёных зон з’явяцца паркінгі і новыя дамы. Такім чынам значна пагоршыцца экалагічная сітуацыя ў раёне.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск