Міліцыя скасавала дзве адміністрацыйныя справы супраць Барыса Хамайды
За апошнія месяцы на віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы тройчы складалі пратаколы за “загрувашчванне вуліцы”. Маўляў, ягоны раштунак – столік, бела-чырвоны парасон, сцягі – замінае мінакам праходзіць па вуліцы Леніна. Але днямі Барыс Хамайда атрымаў з аддзела міліцыі Чыгуначнага раёна пастановы пра скасаванне дзвюх справаў. Высветлілася, што пратаколы адмовілася разглядаць адміністрацыйная камісія выканкама Чыгуначнага раёна, бо ёй бракавала доказаў вінаватасці апазіцыянера.
Барыс Хамайда ўспрыняў гэты аргумент з гумарам:
– Можа, нам падаецца, што змены вельмі далёка. А раптам яны побач? Старшыня адміністрацыйнай камісіі і ягоны намеснік, мусіць, людзі няглупыя. І яны таксама разумеюць, што трэба будзе далей жыць, як прыйдзе новая ўлада. Ну што ж?
Пасля адмовы адміністрацыйнай камісіі разглядаць пратаколы міліцыя так і не змагла пацвердзіць вінаватасць Барыса Хамайды. Таму дзве справы супраць яго скасавалі, у тым ліку і справу, распачатую за адзначэнне Дня Волі 25 сакавіка. Невядомы лёс толькі апошняга з трох пратаколаў за “загрувашчванне вуліцы”, які на Барыса Хамайду склалі 30 красавіка.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя