Віктарын: У адносінах з Беларуссю ёсць цяжкасці ў двух ключавых галінах



У адносінах ЕЗ з Беларуссю ёсць цяжкасці ў дзвюх ключавых галінах, заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын на экспертным семінары „10 гадоў Усходняму партнёрству: вынікі і перспектывы” 4 чэрвеня ў Менску.

„Гэта тычыцца нашых памкненняў па ўмацаванні дэмакратычных структур, паляпшэнні доступу грамадзян да правасуддзя, барацьбе з карупцыяй і падтрымцы свабодных і незалежных медыя, — сказала Віктарын. ЕС прапаноўвае падтрымку ў прасоўванні рэформы прававой сферы, робячы акцэнт на вяршэнстве закона і судовай рэформе. У цесным супрацоўніцтве з беларускімі ўладамі мы працуем над праектам у сферы вяршэнства права”.

Віктарын таксама адзначыла, што для стварэння спрыяльнага дзелавога асяроддзя патрабуецца празрыстасць, выразныя правілы і канкрэтныя юрыдычныя рэформы.

Яна назвала важнай умовай дыялог з грамадзянскай супольнасцю, на падтрымку якога ЕС у 2014—2018 гадах выдзеліў 28,2 млн еўра.

„Ажыццяўленне рэформ і даванне адчувальных выгод грамадзянам застанецца ключавым прыярытэтам нашага партнёрства ў найбліжэйшыя гады”, – адзначыла Віктарын.

„Разам мы павінны фарміраваць будучыню, наша сумесная праца незакончана, — сказала яна. — Нам неабходна крытычна зірнуць на праблемы, якія стаяць перад, і падумаць аб тым, як забяспечыць, каб наша партнёрства заставалася устойлівым, актуальным і ўсёабдымным”.

Віктарын звярнула ўвагу, што Усходняе партнёрства — гэта магчымасць для збліжэння краін Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказа з Еўрасаюзам. „Важна падкрэсліць, што ў рамках Усходняга партнёрства ёсць як двухбаковае, так і шматбаковае супрацоўніцтва, — сказала Віктарын. — І ў двухбаковым супрацоўніцтве з самага пачатку прызнаваліся адрозненні (паміж краінамі. — БелаПАН.). У розных усходніх партнёраў былі розныя памкненні ў адносінах з Еўрасаюзам”.

На яе думку, такі дыферэнцыраваны падыход да супрацоўніцтва з краінамі Усходняга партнёрства даказвае, што гэтае супрацоўніцтва не скіравана супраць каго-небудзь.

Што да Беларусі, адзначыла Віктарын, то вызваленне палітвязняў у 2015 годзе дазволіла ЕС пачаць палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з краінай. Была створана Каардынацыйная група Беларусь—ЕС, якая ўпершыню дазволіла двойчы ў год на пастаяннай аснове збіраць разам высокіх чыноўнікаў з абодвух бакоў.

„Беларусь зараз паслядоўна заклікае да ўстанаўлення дагаворных адносін (гаворка ідзе пра тое, каб пачаць перамовы па базавым пагадненні аб супрацоўніцтве. — БелаПАН.), — сказала Віктарын. — І мы цяпер цесна супрацоўнічаем для таго, каб узгадніць прыярытэты партнёрства, якія стануць першым падобным дакументам паміж ЕС і Беларуссю. Акрамя таго, мы павялічылі аб’ём дапамогі Беларусі і выдзелілі 111,5 млн еўра за перыяд 2014—2018 гадоў”.

Гаворачы пра дасягненні за 10 гадоў удзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве, Віктарын адзначыла, што ЕС падтрымаў больш за 4,5 тыс. прадпрыемстваў праз фінансаванне, навучанне і адкрыццё экспартных магчымасцяў на новых рынках праз ініцыятыву EU4Business, а таксама дапамог у стварэнні больш за чатыры тысячы новых працоўных месцаў.

„Эканамічнае развіццё цесна звязана з інвестыцыямі ў людзей, — сказала Віктарын. — Эканоміка не можа функцыянаваць, калі маладыя людзі не маюць патрэбных навыкаў і кваліфікацыі, якія патрабуе рынак працы. Таму павелічэнне інвестыцый у развіццё навыкаў моладзі, прадпрымальніцтва і магчымасці працаўладкавання было і застанецца прыярытэтам ЕС”.

Яна нагадала, што на саміце Усходняга партнёрства ў маі ў Бруселі было абвешчана аб выдзяленні яшчэ 340 млн еўра на падтрымку маладзёжных праграм.

Яшчэ адным вынікам Усходняга партнёрства Віктарын назвала „значны прагрэс” у паляпшэнні транспартных сувязяў і інфраструктуры, а таксама ў павышэнні энергаўстойлівасці і энергаэфектыўнасці.

belapan.by