„Курапацкая варта працягваецца” – рэпартаж Генадзя Барбарыча



Цэлы год працягваецца варта каля рэстарана „Поедем поедим”, што насуперак пратэстам пачаў працу каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах пад Менскам. Нераўнадушныя людзі штодня прыходзяць сюды, каб растлумачыць наведвальнікам і персаналу гэтай установы, што гэта месца не для весялосці, забаваў і танцаў, што тут за некалькі дзясяткаў метраў тысячамі забівалі людзей і іх парэшткі так і ляжаць у зямлі побач. Да некага даходзіла. Нехта кідаўся з абразамі і кулакамі. І рэстаран усё працуе. І тым не менш, нельга апускаць рукі, нельга спыняцца, нягледзячы на ціск, на правакацыі – упэўнены адзін з ініцыятараў варты, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.