Сёлета 10 гадоў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”



У 2019 годзе спаўняецца 10 гадоў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”. Што значыць 10 гадоў выступаць супраць смяротным пакарання ў Беларусі і жыць у гэтай тэме? Пра гэта распавядаюць Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і актывістка кампаніі, пісьменніца Паліна Сцепаненка (Качаткова).

Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”: Нашай кампанні 10 год, дзейнічаць кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” пачала ў 2009 годзе. Але вельмі падобнай дзейнасцю Праваабарончы цэнтр “Вясна” пачаў займацца яшчэ ў 1998 годзе. І, як раз адной з тых, хто браў на сябе першапачатковы цяжар працы па смяротным пакаранні была Паліна Сцепаненка, як чалавек, які працаваў у Праваабарончым цэнтры “Вясна”, як праваабаронца. Дзякуючы ёй, ёсць вядомыя кейсы. У тым ліку, кейс Івана Фаміна, які можна лічыць адным з першых, якім пачаў займацца Праваабарончы цэнтр “Вясна”     

Паліна Сцепаненка (Качаткова), пісьменніца, актывістка кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

Паліна Сцепаненка, актывістка кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”: “Гэта быў 1998 год. Ужл больш за 20 гадоў прайшло з таго часу. Тады Праваабарончы цэнтр “Вясна” толькі пачаў сваю дзейнасць. Праз “турэмную пошту” да нас трапіў ліст, напісаны чырвоным стрыжнем. Вельмі-вельмі дробнымі літарамі. Гэта быў ліст з СІЗА па вуліцы Валадарскага ад Івана Фаміна, які пісаў, што ён сядзіць за чужую віну, што яго прыгаварылі да смяротнага пакарання, але ён не рабіў таго, што пра яго пішуць. Мы займаліся тады грамадска-палітычнымі правамі ў асноўным, мы дапамагалі ў асноўным людзям, якіх затрымлівалі падчас масавых акцый, якія тады сапраўды былі масавымі, і сапраўды было шмат затрыманых. Гэты выклік быў вельмі нечаканым. Мы жылі ў гэтым горадзе, але ніколі не думалі, што ў цэнтры Менску расстрэльваюць людзей. Гэта быў іншасвет у цэнтры горада. І вельмі цяжка было ўсё гэта ўсвядоміць, цяжка было ўсё гэта ўспрыняць. Цяжка было пра гэта гаварыць. І быў таксама ўнутраны супраціў. Здавалася: а раптам гэты чалавек зрабіў гэта? А раптам ён сапраўды жорстка забіў таксіста? А мы будзем яго абараняць? Гэта гісторыя, якая разівалася ад 1998 года да 2012. Я не магла паставіць кропку ў сваіх развагах. Пацверджанне невіноўнасці Івана Фаміна знайшлося ў 2012 годзе, калі нам яго пацвердзіў начальнік СІЗА № 1 г.Менска Алег Алкаеў, па палітычных матывах мусіў выехаць за межы краіны.  Алег Алкаеў сказаў нам: “Я памятаю, яго. Дарэчы, за чужое злачынства расстраляны. Ён з групай хлопцаў, якія старэйшыя за яго забілі члавека і ён, як самы малады ўзяў віну на сябе. Ён гаварыў “Братва мяне выратуе. “Братва” не выратавала”.    

Берлін, красавік 2012 года, Андрэй Палуда і Паліна Сцепаненка паказваюць Алегу Алкаеву  лісты з камеры смяротнікаў, напісаныя Іванам Фаміным у 1998 года.  

Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”: “Калі мы кажам пра задачы кампаніі, то адной з першых задач была актуалізацыя праблемы. Былі гады, калі па 30-40 чалавек у Беларусі прыгаворваліся да смяротнага пакарання, і прыводзіліся ў выкананні прысуды, але гэта было нікому не цікава. Таму адной з задач была актуалізацыя праблемы, каб пытанне смяротнага пакарання станавілася інфармацыйна цікавым для грамадства і для сродкаў масавай інфармацыі. Гэта дазваляе бы выклікаць дыскусію ў грамадстве. Не сакрэт, што пытанне смяротнага пакарання ў нашай краіне знаходзіцца пад завесай таемнасці моцнай”.

Адзін з лістоў з камеры смяротнікаў, напісаных Іванам Фаміным у 1998 годзе.  

Паліна Сцепаненка, актывістка кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”: “Гэта парадокс, што людзі падзяляюць у сваёй свядомасці: масавыя рэпрэсіі і расстрэлы пры Сталіне – гэта адно, а смяротнае пакаранне ў сучасным свеце– гэта іншае. Лічаць, што можна ўшаноўваць ахвяры тых расстрэлаў і быць за смяротнае пакаранне цяпер. Гэта сапраўды парадокс свядомасці. Людзі самі не разумеюць, пра што гавораць. Таму што, па сутнасці, і тое і другое – смяротнае пакаранне. Пакуль смяротнае пакаранне існуе ў грамадстве, яно можа быць выкарыстана ў тым ліку і супраць палітычных апанетаў ўлады. Гэта вядомы факт”.    

Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”: “З самага пачатку адна з самых галоўных мэтаў кампаніі, якая бы вырашала ўсе магчымыя праблемы, гэта ўвядзенне мараторыя, як першага кроку да поўнай адмены. Чаму? З аднаго боку гэта можа падацца глабальнай, вельмі складанай мэтай для дасягнення. Ці можа нам змагацца за тое, каб выдавалі целы, ці паказвалі месцы пахавання? Я зараз называю складнікі пытання смяротнага пакарання ў нашай краіне. Якім чынам можна гуманізаваць пытанне смяротнага пакарання. Гэта немагчыма. Таму – мараторый, як першы крок, А ў перспектыве – поўная адмена смяротнага пакарання”.

Беларускае Радыё Рацыя