Брыфінг пасла Расеі Дзмітрыя Мезенцава ў Менску



Насцярожанасць грамадзянскай супольнасці Беларусі да Расеі трэба пераадольваць большай адкрытасцю, заявіў на брыфінгу 6 чэрвеня новы пасол РФ у Менску Дзмітрый Мезенцаў.

Журналісты запыталіся ў дыпламата, якім чынам ён мае намер нівеляваць насцярожанасць і падазрэнні да Расеі, якія ўзніклі ў часткі беларускага грамадства на фоне адносін паміж дзвюма дзяржавамі, што склаліся за апошнія паўгода.

„Нейкія спрэчкі, што могуць узнікаць нават у сям’і, нейкія пытанні, што патрабуюць адказаў па тэме беларуска-расійскіх адносін, трэба разглядаць праз прызму стратэгічнага партнёрства і той выдатнай практыкі шматгадовых адносін, якія нашы народы, прадстаўнікі ўладных структур, прадстаўнікі адміністрацыі рэгіёнаў выбудавалі. Гэта іх найважнейшы вынік. Не бачыць гэтага, недаацэньваць гэта, на мой погляд, няправільна”, — заявіў Мезенцаў.

Расейскі пасол перакананы, што „прапановы, якія рыхтуюць бакі па рэалізацыі саюзнай дамовы, удасканаленні, узаемазвязванні і каардынацыі крокаў, падкрэсліваюць, што патэнцыял саюзнай дамовы вялікі, што можна вельмі шмат зрабіць на карысць дзвюх краін на падмурку ўліку нацыянальных інтарэсаў”.

„Што да напружання, якое вы адзначаеце ў часткі грамадзянскай супольнасці Беларусі, то стаўленне да гэтага павінна быць самае ўважлівае. Як да гэтага падступаць, вы пытаецеся? Толькі з большай адкрытасцю, растлумачэннем таго, што здаецца недагавораным, і растлумачэннем тых крокаў, якія, будучы прадстаўленымі самым шырокім чынам, дазваляюць лепш разумець партнёра”, — падкрэсліў дыпламат.

Адказваючы на пытанне, ці будзе яго дыпламатычная практыка адрознівацца ад практыкі яго папярэдніка Міхаіла Бабіча, Мезенцаў адзначыў, што не можа параўноўваць. „Я не быў знаёмы з практыкай Міхаіла Віктаравіча Бабіча, — сказаў ён. — Я разумею з улікам майго дыпламатычнага вопыту, у тым ліку ў кітайскай сталіцы генсекам ШАС, што любая дыпламатычная практыка характарызуецца шэрагам рысаў: адкрытасцю, шчырасцю, максімальнай увагай да людзей, сваіх суразмоўцаў, партнёраў і калегаў”.

Паводле слоў Мезенцава, ён бы хацеў, каб дзверы расійскага пасольства былі „шырока расчыненыя для нашых сяброў і калегаў”.

Член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ Дзмітрый Мезенцаў быў прызначаны паслом у Беларусі 30 красавіка ўказам прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. У Менск дыпламат прыбыў 2 чэрвеня.

На пасадзе пасла РФ Мезенцаў змяніў Міхаіла Бабіча, які ўзначальваў дыпмісію ў Менску толькі восем месяцаў. Як лічаць эксперты, прычынай звальнення Бабіча сталі напружаныя адносіны з беларускім кіраўніцтвам.

belapan.by