Максім Недасекаў – бронзавы прызёр Дыяментавай лігі



Беларус Максім Недасекаў заваяваў бронзавы медаль у скачках у вышыню на этапе Дыяментавай лігі ў Рыме. У сваёй лепшай спробе ён узяў планку на адзнацы 2 метры 28 сантыметраў. Максім Недасекаў штурмаваў і вышыню на 3 сантыметры вышэй, але не справіўся з ёй, дапусціўшы памылку. Першае месца ў сектары для скачкоў у вышыню заняў Багдан Бандарэнка з Украіны – 2 метры 31 сантыметр. Срэбраны медаль выйграў сірыец Мажд Эдзін Газал з Сірыі, які зрабіў менш спробаў у адрозненне ад беларуса і паказаў той жа вынік 2 м 28 см. Кідальніца дзіды Таццяна Халадовіч заняла восьмае месца з вынікам 61 метр 32 сантыметры. У скачках у даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова стала сёмай – 6 метраў 59 сантыметраў.

***

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка і бельгійка Элізэ Мертэнс прабіліся ў паўфінал парнага разраду “Ралан Гарос”. У матчы чвэрцьфінальнай стадыі беларуска-бельгійскі дуэт абыграў ўкраінку Людмілу Кічанок і Алену Астапенку з Латвіі – 7:5, 6:2. У паўфінале яны будуць сапернічаць з вугорска-французскай парай Тымеа Бабош / Крысціна Младэнавіч.

***

Завяршыўся паўфінальны матч Лігі нацый УЕФА паміж зборнымі Нідэрляндаў і Англіі. Сустрэча праходзіла ў Гімарайншэ на стадыёне «Афонсу Энрыкеш». Выніковы лік гульні – 3:1 на карысць каманды Рональда Кумана. Аўтарам першага забітага мяча ў матчы стаў форвард ангельцаў Маркус Рэшфард. На 32-й хвіліне ён рэалізаваў пенальці, які сам жа і зарабіў. Фаліў на Рэшфардзе Матэйс дэ Лігт. Выправіць сваю памылкі абаронцу нідэрляндскай каманды атрымалася на 73-й хвіліне – ён пераправіў мяч у браму Джордана Пікфарда пасля падачы кутняга. Да канца асноўнага часу матчу лік на табло так і не змяніўся. Зыход сустрэчы вызначаўся ў дадатковы час. Спачатку гол у сваю браму  пасля ўдару Квінсі Промеса адправіў Кайл Уолкер. А пасля ўжо сам Промес забіў пасля перадачы Дэпая. Такім чынам, у фінале турніру ў нядзелю, 9 чэрвеня, сустрэнуцца зборныя Партугаліі і Нідэрландаў. Каманды Швейцарыі і Англіі будуць аспрэчваць трэцяе месца Лігі нацый.

***

Беларускі спецыяліст Сяргей Гурэнка вярнуўся ў менскае „Дынама” і прыступіў да працы з асноўным складам каманды. Упершыню Сяргей Гурэнка прыйшоў у трэнерскі штаб мінчукоў у 2009 годзе, затым узначальваў жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, потым працаваў асістэнтам у расійскіх клубах „Краснадар”, „Спартак-Нальчык” і пермскім „Амкары”, пасля чаго дапамагаў сербу Славалюбу Мусліну ў бельгійскім „Стандардзе” з Льежа і нацыянальнай зборнай Сербіі. З траўня 2017 года Сяргей Гурэнка, якому зараз 46 гадоў, у другі раз стаў галоўным трэнерам мінскага „Дынама”, але пакінуў пасаду ў канцы 2018 года. У мінулую пятніцу менскае “Дынама” скасавала кантракт з папярэднім галоўным трэнерам каманды Раманам Піліпчуком, які ўзначаліў “бела-сініх” у гэтае міжсезонне.

***

Футбольны клуб „Дынама-Кіеў” падпісаў новы кантракт з 45-гадовым беларускім спецыялістам Аляксандрам Хацкевічам, які працягне працаваць на пасадзе галоўнага трэнера. Аляксандр Хацкевіч ўзначаліў кіеўскае „Дынама” ў чэрвені 2017 года і з таго часу правёў у руля першай каманды 100 афіцыйных матчаў, у якіх „бела-сінія” святкавалі 60 перамог, 24 разы згулялі ўнічыю і 16 раз прайгралі. У 2018 годзе „Дынама” пад кіраўніцтвам Аляксандра Хацкевіча заваявала Суперкубак Украіны. Аляксандр Хацкевіч сказаў, што ў такога клуба, як „Дынама”, іншых задач, акрамя перамог, быць не можа. „Ва ўсіх спаборніцтвах, дзе мы ўдзельнічаем, каманда ўжо павінна дамагацца выніку. Усё – і заўзятары, і трэнеры, і футбалісты, і прэзідэнт клуба – засумавалі па Лізе чэмпіёнаў.  Гэтая каманда ўжо можа і павінна выціснуць з сябе максімум, каб парадаваць Кіеў гімнам Лігі чэмпіёнаў. Вядома, ва ўсіх турнірах задачы максімальныя – вярнуць чэмпіёнства, барацьба за Кубак і Суперкубак Украіны „, – дадаў ён.

***

Нападнік Аляксандр Кагалым працягне кар’еру ў хакейным клубе “Дынама-Мінск”. Падпісаны двухбаковы кантракт на два гады. Кагалым ўпершыню згуляў за менскае “Дынама” ў пазамінулым сезоне, у 15 матчах ён адзначыўся двума закінутымі шайбамі. У мінулым сезоне хакеіст стаў паўнапраўным гульцом асновы. У 44 матчах у форме „зуброў” Аляксандр Кагалым набраў 9 ачкоў, зарабіў 10 хвілін штрафу пры паказніку карыснасці “+1”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя