Re1ikt зайграе бясплатны канцэрт у Менску
Гурт Re1ikt выступіць з вялікай сольнай праграмай ля Ратушы 8 чэрвеня. Музыкі выканаюць свае найлепшыя песні са старых альбомаў, а таксама прэзентуюць новыя кампазіцыі з кружэлкі, запіс якой адбываецца акурат цяпер.
Імпрэза адбудзецца ў рамках праекта “Пешаходка”.
Гурт Re1ikt спалучае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, робячы яго актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. Калектыў выкарыстоўвае рэдкія духавыя і перкусійныя інструменты, а таксама незвычайныя гітарныя эфекты. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас.
Re1ikt атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расеі.
Што: Вялікі канцэрт Re1ikt Дзе: Ратуша (плошча Свабоды, 2) Калі: 8 чэрвеня, 21.00 Уваход на імпрэзу вольны.