Арына Сабаленка і Эліз Мертэнс выбылі ў паўфінале „Ралан Гарос”



Беларуска-бельгійская пара Арына Сабаленка / Эліз Мертэнс выбылі ў паўфінале „Ралан Гарос”. Інтэрнацыянальны дуэт саступіў тандэму Тымеа Бабош (Венгрыя) / Крысціна Младэнавіч (Францыя) з лікам 2:6, 1:6.

Іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль (2 АТП) стаў першым фіналістам „Ралан Гарос” у мужчынскім адзіночным разрадзе. У паўфінале ён у трох сэтах разабраўся са швайцарцам Роджэрам Федэрэрам (3) – 6:3, 6:4, 6:2. У фінале 11-разовы трыумфатар парыжскага „мэйджора” згуляе з пераможцам дуэлі Новак Джокавіч (Сербія, 1) – Дамінік Цім (Аўстрыя, 4).

* * * 

Беларускі нападнік Дзмітрый Жалнероўскі пераходзіць у менскае „Дынама”. Кантракт будзе разлічаны на два гады. Жалнероўскі – выхаванец менскага „Юнацтва”. У мінулым чэмпіянаце за “Сарыарку” хакеіст згуляў 52 матчы і набраў 19 (10 + 9) ачкоў пры паказчыку карыснасці -1. Дзмітрый выступаў за зборную Беларусі на моладзевым і двух юнацкіх чэмпіянатах свету ў дывізіёне 1, – інфармуе сайт „Дынама”.

* * * 

Распасоўнік зборнай Беларусі і „Матора” Барыс Пухоўскі трэці раз прызнаны найлепшым гандбалістам чэмпіянату Украіны. Партал Xsport.ua і наймацнейшы клуб Украіны правялі дзясяты рэферэндум па вызначэнні найлепшага гульца мужчынскага чэмпіянату. Самым каштоўным гандбалістам турніру прызнаны 32-гадовы беларус Барыс Пухоўскі. Распасоўнік стаў MVP трэці раз за чатыры гады. У сезоне Пухоўскі разам з „Маторам” выйграў чацвёртае для сябе золата ўкраінскага чэмпіянату, дадаўшы ў асабістую калекцыю чарговы Кубак і Суперкубак Украіны. Ва ўсіх афіцыйных клубных турнірах беларус згуляў 44 матчы, закінуў 197 мячоў, і другі раз стаў найлепшым бамбардзірам „Матора” ў Лізе чэмпіёнаў (87 галоў).

****

Баскетбалісткі зборнай Беларусі паспяхова правялі першы таварыскі матч у ходзе падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы. Падапечныя Наталлі Трафімавай сустракаліся ў Рызе з камандай Латвіі і выйгралі з лікам 81:77 (14:22, 24:25, 21:18, 22:12). 8 чэрвеня таксама ў латвійскай сталіцы беларускі згуляюць з камандай Турцыі.

****

Беларускія атлеты заваявалі сем медалёў на міжнародным турніры па боксе сярод мужчын імя Зыгмунта Хыхлы, які завяршыўся ў Гданьску. Беларускія баксёры Аляксандр Радзівонаў і Аляксей Алфёраў падняліся на вышэйшую прыступку п’едэстала. Іх партнёры па камандзе Яўген Кармільчык, Дзмітрый Дзяшкевіч, Дзмітрый Мілюша, Віктар Дзяшкевіч і Віктар Чваркоў прынеслі ў скарбонку зборнай бронзавыя ўзнагароды. Удзел у турніры прынялі спартоўцы з Казахстана, Расеі, Францыі, Украіны, Германіі і Польшчы.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя