Беларускі ПЭН-цэнтр патрабуе спыніць пераслед мастака Алеся Пушкіна
Беларускі ПЭН-цэнтр патрабуе спыніць пераслед мастака Алеся Пушкіна, які быў затрыманы за перформанс у абарону беларускай мовы ў Крупках (Менская вобласць).
Вядомы беларускі мастак-перформер быў затрыманы з прымяненнем фізічнай сілы супрацоўнікамі міліцыі 6 чэрвеня ў Крупках. Як паведамляе ПЭН-цэнтр, у гэты дзень Пушкін выйшаў да крамы сеткі „Еўраопт” у цэнтры Крупак з плакатамі „Stop russian agression on Europe” („Спыніце расейскую агрэсію ў Еўропе”), „Russia — war!” („Расея — вайна!”) і партрэтам Пуціна, а таксама плакатам „Беларусь у NATO”. Пры затрыманні мастака яго творы-плакаты былі канфіскаваныя міліцыяй.
„Месца перформансу выбрана невыпадкова — 8 мая ў гэтай краме адбыўся канфлікт Алеся Пушкіна з ахоўнікамі, якія агрэсіўна адрэагавалі на беларускую мову і паспрабавалі гвалтам выдаліць мастака з гандлёвай залы”, — адзначаецца ў заяве.
Беларускі ПЭН-цэнтр расцэньвае чарговае затрыманне Алеся Пушкіна як наступ на свабоду выказвання ў Беларусі і патрабуе неадкладна вызваліць мастака.
ПЭН-цэнтр нагадвае, што Пушкін — мастак, які ўжо 30 гадоў выступае за абарону беларускай мовы і здзяйсняе акцыі за свабоду выказвання ў Беларусі.
25 сакавіка ў 1989 годзе Алесь Пушкін зладзіў першы перформанс у абарону беларускай мовы разам з іншымі студэнтамі Тэатральна-мастацкага інстытута. Пушкіна асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна.
У 1999 годзе Алесь Пушкін быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс „Падзяка прэзідэнту”. 21 ліпеня 1999 года, калі скончыўся тэрмін прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, Пушкін, прыкаціў да рэзідэнцыі прэзідэнта тачку гною, пафарбаваную ў чырвоны колер, у якой ляжалі беларускія рублі і партрэт Лукашэнкі.
10 снежня 2000 года на Міжнародны дзень правоў чалавека Алесь Пушкін разам з праваабарончым цэнтрам „Вясна” зладзіў выставу непадцэнзурнага мастацтва „Недазволена цэнзурай”.
У 2012 падчас 10-сутачнага арышту ў Смаргоні стварыў шэраг малюнкаў „Мастак за кратамі”.
ПЭН-цэнтр адзначае, што Алесь Пушкін неаднаразова зведваў адміністрацыйны арышт за мастацкія акцыі, некалькі разоў падчас затрымання мастака збівалі супрацоўнікі міліцыі.