Уладзімір Сямашка: Працэс інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы ідзе няпроста



Інтэграцыйны працэс у межах Саюзнай дзяржавы ідзе няпроста, аднак Беларусь і Расея павінны выйсці на новы этап інтэграцыі, заявіў беларускі пасол у РФ Уладзімір Сямашка, выступаючы на адкрыцці канцэрта з нагоды Дня шматнацыянальнай Расеі 8 чэрвеня ў Менску.

На думку дыпламата, „большасць беларусаў і расейцаў сёння, напэўна, шкадуюць аб распадзе вялікага Савецкага Саюза” і пры іншых абставінах у гэтай краіны, „напэўна, магло б атрымацца крыху лепш”.

„Нейкі кароткі час мы развіваліся сваімі шляхамі: Расея — сваім шляхам, Беларусь — сваім, — сказаў ён. — Нам у Беларусі было больш складана — мы невялікія, крыху абдзеленыя рэсурсамі. Але тым не менш мы адбыліся як дзяржавы. <…> Зараз Расея ставіць амбіцыйную задачу: рэалізаваць 12 прэзідэнцкіх праграм і ўвайсці ў пяцёрку вядучых краін свету па аб’ёме ВУП і іншых паказчыках. Мы таксама ставім свае задачы”.

„Сёння мы перажываем новы этап яднання Расеі і Беларусі. Хутка мы будзем святкаваць 20-годдзе стварэння Саюзнай дзяржавы — 8 снежня. Мы прайшлі дастаткова вялікі шлях. <…> І, падводзячы вынікі 20-годдзя сумеснага супрацоўніцтва, зараз мы перажываем прынцыповы этап, калі вырашаем рушыць далей у межах Саюзнай дзяржавы. Разам з паслом, урадамі нашых краін мы вырашаем гэтую праблему, задачу. Няпроста ідзе працэс, але мы ж сёння канстатуем, што мы павінны выйсці на новы этап. Разам мы мацнейшыя”, — дадаў Сямашка.

Галоўная мэта інтэграцыйных працэсаў, паводле слоў беларускага пасла ў РФ, заключаецца ў тым, каб „народы Беларусі і Расеі жылі, каб дзеці і ўнукі не адчувалі ніякіх праблем, жылі поўным жыццём, маглі задаволіць усе свае патрэбы”.

30 мая Аляксандр Лукашэнка ўказам надзяліў Сямашку паўнамоцтвамі намесніка прэм’ер-міністра па пытаннях адносін з Расеяй і дзейнасці Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы. Згодна з дакументам, ён „будзе несці персанальную адказнасць за прасоўванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў Саюзнай дзяржаве і адносінах з Расеяй”.

У канцы 2018 года расейскі бок ініцыяваў тэму больш цеснай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы. У снежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп „для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін”.

22 сакавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў, што ад расейскага боку атрыманыя дакументы з прапановамі аб далейшай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы.

24 траўня ў падмаскоўных Горках адбыліся перамовы прэм’ер-міністраў Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса. Перад рабочымі групамі была пастаўленая задача выразна акрэсліць адрозненні ў пазіцыях Беларусі і Расеі па інтэграцыі.

Прэм’ер-міністры дамовіліся правесці наступную сустрэчу ў Менску падчас II Еўрапейскіх гульняў (21—30 чэрвеня). На гэтых перамовах будзе абмяркоўвацца абноўленая праграма дзеянняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве.

belapan.by