Станіслаў Шушкевіч: Гэта дэманстрацыя таго, што «я ўсё магу» (абноўлена)



“Аляксандр Лукашэнка дэманструе, што не паважае ні законаў, ні Канстытуцыі”, – такім чынам першы кіраўнік незалежнай Беларусі і былы старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч каментуе прызначэнне былога кіраўніка ўраду Міхаіла Мясніковіча на пасаду старшыні  Савету Рэспублікі:

– Свет Рэспублікі збярэцца, пацвердзіць гэтае абранне і г.д. Але гэта дэманструе тое, што няма ні толькі ў выканаўчаў улады абсалютнай недатыкальнасці Лукашэнкі – ён можа прымаць якія хоча рашэнні – але таксама і ў так званай прадстаўнічай уладзе, у прыватнасці ў Савеце Рэспублікі. Ніякай ролі не адыгрывае ніякі так званы парламент, так званая «палатка». Дзе вы ў якой дзяржаве бачылі, каб кіраўніка ўраду проста так адразу прызначыў прэзідэнт і зняў папярэдняга, без усялякай матывацыі. У нас дэманстрацыя таго, што «я ўсё магу».

Ужо 15-га студзеня Савет Рэспублікі збярэцца на першае пасяджэнне ў новым годзе. Не выключана, што на ім і будзе «выбраны» новы старшыня Міхаіл Мясніковіч, які заменіць на гэтым месцы Анатоля  Рубінава.

* * *

У Беларусі няма апазіцыі, ёсць толькі дысыдэнцкая служба супраціву, якая, як толькі праявіць актыўнасць, – падпадае пад рэпрэсіі, – канстатуе першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. З таго часу, калі парламент стаў  прызначацца, пра апазіцыю гаварыць проста не выпадае, тым больш што самая буйная апазіцыйная партыя, створаная некалі Зянонам Пазняком – дэградавала, – лічыць беларускі палітык:

– Яна ператварылася ў структуру, з якой усе прыстойныя, добравядомыя беларусы выйшлі. Таму што яны не могуць пагадзіцца з беспрынцыповымі падыходамі да палітыкі. І фактычна такой сталай, нармальнай апазіцыйнай структуры, якая б аб’ядноўвала крыху і правых, і левых, тое, чым быў Беларускі Народны Фронт, фактычна сёння няма. Цяпер ён толькі нейкае падабенства гэтага руху супраціву.

Усё ж Станіслаў Шушкевіч спадзяецца, што 2015 год можа прынесці нейкія змены ў Беларусі.  Эканоміка без лібералізацыі не можа даць плёну, таму і змены будуць неабходнымі,  – лічыць палітык.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя