Гарадзенцы: Крамы сэканд-хэнд – альтэрнатыва беларускаму адзенню
Дырэктарка дзяржаўнага канцэрну “Беллегпрам” Таццяна Лугіна б’е трывогу наконт таго, што жыхары Беларусі выбіраюць крамы сэканд-хэнд, а не купляюць беларускае.
Дзе апранаюцца жыхары Гародні і чаму яны выбіраюць такія крамы, мы спыталі на вуліцах горада:
– Карыстаюся сэканд-хэндамі – гэта зручна, нядорага, там шырокі асартымент тавара, які пастаянна мяняецца. І ты можаш выбраць усё што заўгодна. І толькі абутак купляеш у афіцыйных крамах.
– Звычайна я сэканд-хэндамі не карыстаюся. Але павінна прызнацца, што прыкладна тыдні два таму я заходзіла туды, бо купляла модную экіпіроўку. І мне вельмі спадабалася, – гэта былі новыя боты і новая куртка.
– У нашых крамах беларускае каштуе грошай, а там фірмовыя рэчы каштуюць капейкі.
– Я карыстаюся сэканд-хэндам. Не скажу, што даволі часта, але там можна знайсці сапраўды арыгінальныя рэчы па танным кошце. Сапраўды якасныя рэчы.
– Карыстаюся паслугамі сэканд-хэнда, бо там можна знайсці рэчы нашмат лепшыя па якасці, чым нашы айчынныя.
Вялікая колькасць гарадзенцаў вызнаюць за лепшае апранацца ў крамах ўжыванага адзення, так званых сэканд-хэндах, бо там можна выбраць адзенне лепшай якасці і танней, чым у беларускіх крамх.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота secondgrodno.by