Ігар Шуневіч сышоў у адстаўку
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч сышоў у адстаўку.
„Сёння я звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з рапартам аб адстаўцы. І ён гэтую адстаўку прыняў. Спадзяюся, я змагу яшчэ прынесці карысць нашай дзяржаве ў іншай пасадзе або на іншай працы”, — цытуе яго БелТА.
Сваё рашэнне Шуневіч назваў „вывераным, правільным і своечасовым”.
„Па-першае, пройдзены вельмі доўгі і складаны шлях працы ў міністэрстве, — заявіў ён. — Шмат што зроблена. І ў нейкі момант я пачаў разумець, што трэба забяспечыць пэўную дынаміку, пераемнасць, хуткасць і эфектыўнасць рашэнняў. Патрэбны свежы погляд на працу міністэрства. Па-другое, думаючы пра сваю эфектыўнасць, лічу, што прыйшоў час змяніць род дзейнасці. Усё-такі дастаткова доўга я знаходжуся на пасадзе міністра. Можа, вочы «замыліліся», можа быць, мне сапраўды трэба паспрабаваць нешта іншае. Кіраўнік дзяржавы з гэтай матывацыяй пагадзіўся”.
На пасаду міністра ўнутраных спраў Шуневіч быў прызначаны 11 траўня 2012 года, да гэтага працаваў намеснікам кіраўніка МУС — начальнікам крымінальнай міліцыі.