Прэм’ер-міністр Румас знаходзіцца з візітам у Вялікабрытаніі



Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас накіраваўся з рабочым візітам у Вялікабрытанію.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Савета міністраў, кіраўнік урада возьме ўдзел у Дні рынкаў капіталу Беларусі (Belarus Capital Markets Day), які пройдзе 10 чэрвеня на Лонданскай фондавай біржы.

Мерапрыемства прадугледжвае некалькі тэматычных блокаў, асобна будзе прадстаўлены IT-сектар.

Румас таксама сустрэнецца з кіраўніцтвам Лонданскай фондавай біржы, інвестыцыйных банкаў і фондаў. „На 11 чэрвеня ў Сяргея Румаса ў Лондане запланаваны шэраг сустрэч, у тым ліку з кіраўніцтвам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Міністэрства замежных спраў і Міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі”, — паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Вялікабрытанія з’яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Паводле дадзеных Саўміна, у студзені—красавіку ўзаемны тавараабарот паміж краінамі перавысіў 1 млрд долараў, сальда склалася станоўчае для Беларусі ў памеры 843,3 млн.

belapan.by

Фота: Reuters​