Сяргей Каваленка – на волі (абноўлена)



10 сутак віцебскі актывіст КХП БНФ адбыў у ізалятары часовага ўтрымання паводле пастановы Першамайскага райсуда. Усе 10 сутак ён трымаў галадоўку, якую абвясціў адразу пасля затрымання 24 снежня. У той дзень у Віцебску быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Афіцыйная прычына затрымання — дробнае хуліганства: нібыта недалёка ад уласнага дому ён спраўляў малую патрэбу. А потым ён нібыта не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыянтаў — адмаўляўся ехаць для разбіральніцтва ў пастарунак.

Як кажа актывіст,  прыйшлося навагоднія святы правесці не з сямёй, а ў ізалятары:

– Мне намякалі, што магу раней выйсці, пасля таго, як я падаў на абскарджванне. Спадзяваўся, што выйду на 3 дні ранней, бо свята, Новы год. Гэта адмыслова робіцца, каб чалавек абрадаваўся, а пасля яго прызямляюць. Але я ўсё гэта вытрымаў. Зараз усё нармальна.

Падчас знаходжання ў ІЧУ, актывіст спрабаваў абскардзіць пастанову. Абласны суд пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў.

Сяргей Каваленка катэгарычна не згодны з абвінавачваннем, і таму ў знак пратэсту адразу абвясціў галадоўку. Сваякоў і блізкіх турбаваў стан здароўя Сяргея пасля галадоўкі.

– Падчас галадоўкі я вучыў польскую мову, яна мне патрэбная для вучобы. А яшчэ стаў адціскацца – спачатку па 25 разоў, а ўчора прыйшоў, то ўжо 40 разоў адціснуўся. Адчуваю сябе вельмі добра.

Сустракаць Сяргея Каваленку да ізалятара часовага ўтрымання прыйшлі ягоная маці і жонка Алена, а таксама некалькі партыйцаў. За сустрэчай назіралі і некалькі чалавек у цывільным.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Заўтра на волю, пасля 10-ці сутак арышту, выйдзе актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Сяргей Каваленка.

Жонка зняволенага Алена Каваленка расказала, што Сяргей у зняволенні галадае супраць незаконнага, на яго думку, затрымання. Дзяжурны ізалятара паведаміў Алене, што стан здароўя яе мужа ў сувязі з галадоўкай – не пагоршыўся:

– Хто-небудзь сустрэне, бо я з дзецьмі. У нас тут не так далёка, пагляджу, можа і сустрэну. Тэлефанавала туды, мне сказалі, што быццам усё нармальна. Галадае, лекары яго глядзяць, не ўзнікала пытанняў па здароўю. Маці да гэтага 31-га сказалі, што ці вазілі яго да доктара, ці там глядзелі, у яго доктар быў. Розныя дзяжурныя, атрымалася, што ёй адно сказалі, мне – іншае.

Сяргей Каваленка быў затрыманы 24 снежня, адбывае пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання Віцебску. Павінен вызваліцца 3-га студзеня прыкладна ў 17 гадзін. Актывіст быў затрыманы пасля таго, як на адным з дамой з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг.

Беларускае Радыё Рацыя