Мода і традыцыі
“Хутчэй, чым пагода, мяняецца мода” – спяваў некалі Андрэй Макарэвіч. І ўсачыць, паспець за гэтай модай, адпавядаць ёй мала каму ўдаецца. А некаторым яшчэ і не хочацца. “Ня трэба прагінацца пад наш зменлівы свет, няхай ён лепш прагнецца пад нас” – гэта з таго ж Макарэвіча, больш позняга і ўжо больш глыбокага.
Прыкладам, у час майго дзяцінства ў абутку, які называецца кеды (на вёсцы яго называлі больш арганічна для беларускай мовы праз “т” – кеты) у школу хадзілі толькі дзеці з вельмі бедных, а часам асацыяльных сем’яў. Ніхто з гэтага не смяяўся, але глядзелі на такіх вучняў спачувальна. Зараз тыя ж кеды ўвайшлі настолькі ў гардэроб, што моладзь ходзіць у іх паўсюль – на дыскатэкі, у школу, на сцэну, на пляж, у розныя цэнтры. Іншы прыклад – сподняя цёплая мужчынская бялізна, якая раней называлася кальсоны, цяпер стала называцца чамусьці порткамі, якія носяць на вуліцах і хлопцы і дзяўчаты, а то і значна старэйшыя людзі. Адрозненне, канешне, ёсць – у гэтых сучасных штанах ёсць кішэні і няма проразі спераду, самы ведаеце для якіх патрэб.
Пайшла мода і на спартовыя штаны, у іх ходзяць паўсюдна паводле даўняй прыказкі, “што ў пасцелі, то ў касцеле”. На стадыён, у аўтобус, у парк, у краму, на канцэрт… А летняя пара прымусіла даставаць з хатніх гардэробаў шорты. Мой сябра ў сэнсе гэтага адзення абсалютна катэгарычны, ён лічыць, што абрэзаныя споднія мужчына прынцыпова не павінен насіць увогуле. Я не такі пурытанін, як мой сябра, на ровары і сам у шортах езджу, але неяк заўсёды мне здавалася і нават здаецца дагэтуль, што ёсць розніца паміж шортамі і спартовымі трусамі, паміж спартовымі і звычайнымі, так званымі “сямейнымі” трусамі. А зараз на вуліцах можна сустрэць процьму мужчын вось у такіх класічных “сямейніках”. Не мода, а нейкая пошлая клаўнада.
Ды што там звычайныя грамадзяне на двары. Днямі давялося пабачыць перадачу з адным ведамым расейскім блогерам. Цікавы малады чалавек, апрануты прыстойна зверху. Але тут камера папаўзла ўніз і ўсе ўбачылі, што блогер сядзіць у… трусах у гарошак. Глядзелася ў параўнанні з вядоўцам у звычайных портках гэта проста камічна. Дадам, што сядзелі суразмоўцы ў студыі, а не на пляжы. Цяжка зразумець сучасны дрэс-код, дакладней яго поўнае адмаўленне. Дарэчы, быў прыемна я ўражаны італійскай тэлевізіяй. Там па-ранейшаму захоўваецца традыцыяналізм у падаванні навін, у тым ліку і ў адзенні вядоўцаў – забаўляльныя праграмы вядуць асобы рознага веку і апранання, навіны і сур’ёзныя перадачы – не абы хто, а дасведчаныя журналісты, нават пенсійнага веку ў класічным стылі. Так, прынамсі, на многіх тэлеканалах.
Раней, у час маёй маладосці, адзінкавыя людзі хадзілі ў парэзаных джынсах. Глядзелася гэта дастаткова арыгінальна. Зараз амаль 90 адсоткаў носьбітаў гэтага віду портак ходзяць у парэпаных, патрапаных і падраных джынсах. І выглядае гэта не як мода, а як сляпое малпаванне. Я то джынсаў не нашу ўжо чвэрць стагоддзя – усё з той жа прычыны – таму што іх носяць амаль усе.
Не хацелася б, каб гэтыя побытавыя нататкі разглядаліся як нараканне з “клубу тым, каму за пяцьдзесят”. Падкрэслю, што сваю думку нікому не навязваю. Проста дзялюся ўражаннямі. Заўважце, што пішу пераважна пра мужчынскую моду, бо калі жаночую станеш характарызаваць, то тут жа накінуцца з абвінавачваннямі ў сэксізме. Хоць ніякага сэксізму няма ў прынцыпе ў прыродзе чалавека.
Ці возьмем моду на лацінаамерыканскія танцы. Яны сапраўды прыгожыя, відовішчныя. Але чаму аддаюцца занядбанню не менш цікавыя класічныя танцы, народныя танцы!? Усе пруцца на лацінаамерыканскія, бо дамінуе мода менавіта на іх. Ці татальная мода на татуіроўкі – тут ужо пытанне куды больш светагляднае. Такое ўражанне, што мець белае цела – гэта сорам, што хутка белых людзей увогуле не застанецца. Справа, канешне, таксама асабістая, але як ідзеш па вуліцах еўрапейскіх (беларускіх у тым ліку) гарадоў, адчуванне нібы ты ў Афрыцы, ці трапіў у даўнюю цывілізацыю майя. Так што галоўная тэндэнцыя сённяшняй еўрапейскай моды – гэта найперш адмова ад усяго свайго, традыцыйнага, кансерватыўнага.
Але будзе новы дзень – будзе і новая альбо старая мода.
Уладзімір Хільмановіч