Сталічныя ўлады плануюць прысвоіць адной з вуліц Менска імя Ніла Гілевіча
Прапанова грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) аб прысваенні адной з вуліц сталіцы імя народнага паэта Ніла Гілевіча накіравана ў камісію па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Менска. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымала на свой зварот у Мінгарвыканкам кіраўнік ТБМ дэпутат парламента Алена Анісім. Здымак дакумента апублікаваны на яе старонцы ў „Фейсбуку”.
У лісце за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Арцёма Цурана адзначана, што прапанова ТБМ „будзе ўлічана пры прысваенні найменняў вуліцам горада”.
На прапанову ўстанавіць у Менску мемарыяльную дошку Гілевічу чыноўнік адказаў, што гэта магчыма толькі на падставе рашэння Міністэрства культуры і адпаведнага рашэння Мінгарвыканкама „пасля разгляду ліста-звароту, накіраванага зацікаўленай арганізацыяй”.
„У лісце-звароце прапаноўваюцца месца ўстаноўкі і тэкст памятнай дошкі, крыніцы фінансавання ўсіх відаў работ, да яго прыкладваецца даведка — абгрунтаванне неабходнасці стварэння памятнай дошкі і ўстаноўкі яе ў Менску”, — растлумачыў Цуран.
Ніл Сямёнавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Скончыў Менскае педагагічнае вучылішча імя Н.К.Крупскай (1951), філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956) і аспірантуру пры ім. Працаваў школьным настаўнікам у Менску, выкладаў на кафедры беларускай літаратуры БДУ, быў літаратурным кансультантам газеты „Звязда”, першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларускай ССР.
Дэпутат Вярхоўнага Савета XI і XII скліканняў (1985—1995), старшыня камітэта па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны ў (1990—1995), член Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.
Гілевіч быў адным з заснавальнікаў і першым старшынёй „Таварыства беларускай мовы”, а таксама адным з асноўных стваральнікаў Закона аб мовах, які надаў дзяржаўны статус беларускай мове і спрыяў працэсу беларусізацыі ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця краіны ў першай палове 1990-х гадоў.
Пасля змены палітычнага курсу ў другой палове 1990-х Гілевіч актыўна выступаў у абарону беларускай мовы і культуры ў незалежным друку, быў сталым аўтарам часопіса „Дзеяслоў”, газет „Народная воля” і „Літаратурная Беларусь”. На сваю пенсію, без дапамогі дзяржавы, выдаў 23 тамы сваіх твораў, апошні том выйшаў у 2013 годзе.
Ніл Гілевіч памёр у Менску 29 сакавіка 2016 года на 85-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы. Ён быў апошнім народным паэтам Беларусі. Гэта званне прысуджаецца за асаблівы ўклад у развіццё беларускай літаратуры і стварэнне выдатных твораў. У розны час яго былі ўдастоены Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін.