Мясцовыя выбары на Падляшшы: ці спраўдзяцца абяцанні?



2014 год на Падляшшы прайшоў пад знакам выбараў у органы мясцовага самакіравання. У выбарчай кампаніі кандыдаты спаборнічалі ў абяцаннях і сваіх ідэях, як палепшыць жыццё людзей. Высокі вынік паказала Польская сялянская партыя, прадстаўнік якой Мечыслаў Башко стаў маршалкам ваяводства, – паведамляе наш карэспандэнт Лукаш Леанюк.

Міраслаў Башко родам з Сакольскага павету, праблемы беларусаў Падляшша яму вядомыя. Сам нярэдка карыстаецца беларускай гаворкай. Таксама многія сябры Сялянскай партыі паспрабуюць развіць гміны, гарады і паветы. Мікалай Яноўскі, вядомы палітычны дзеяч з Гайнаўшчыны і сябра Сойміка ваяводства, бачыць шанец развіцця Падляшша ў прыцягненні грошай з еўрапейскіх праграмаў:

– Наш рэгіён ажыве, будзе патрабаваць нашай моладзі,  якая выехала за межы краіны, будзем імкнуцца, каб яна вярнуліся.

Затрымаць міграцыю ў вясковых гмінаў і прыцягнуць маладых людзей працоўнымі месцамі. Думку Мікалая Яноўскага падзяляе новы бурмістр Міхалова Уладзімір Канончук:

– Колькасць насельнікаў у нашай мясцовасці памяншаецца. Варта папрацаваць, каб людзі, якія імнуцца з’ехаць з вёсак, заставаліся ў родных мясцінах.

Чарговай неспадзяванкай выбараў быў слабы вынік Форума падляшскіх меншасцяў у выбарах у гарадскую ўправу горада Беласток. У сваю чаргу ў Бельску Падляшскім  вялікую перамогу атрымала мясцовая суполка «Бельская кааліцыя». Бурмістрам горада, і гэта без другога тура, стаў Яраслаў Бароўскі, а ў гарадской радзе сябры кааліцыі маюць 9 з 21 мандата.

Ці абраныя войты, бурмістры, прэзідэнты і радныя споўняць свае абяцанні і ці будуць клапаціцца пра інтарэсы сваіх выбаршчыкаў – пра гэта дазнаемся на працягу новага 2015 году.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя