У Беларусі фіксуюцца тэмпературныя рэкорды



У Беларусі ўжо тыдзень (з 4 чэрвеня) фіксуюцца тэмпературныя рэкорды. Максімумы абнаўляюцца штодня ў розных гарадах, аднак пакуль гэта не тычыцца рэкордаў дня для ўсёй краіны з пачатку метэаназіранняў, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз аператыўных карт і архіва Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.

Як раней паведамляў БелаПАН, 9 чэрвеня ў Брагіне (Гомельская вобласць) паветра прагрэлася да 32,1 градуса, і гэты дзень стаў самым цёплым ў 2019 годзе. Адначасова ў райцэнтры быў пабіты рэкорд 30-гадовай даўніны (было 31,2).

Дзень 10 чэрвеня апынуўся яшчэ цяплейшым: 32,9 градуса. Такая тэмпература зноў была зарэгістраваная ў Брагіне, дзе абнавіўся экстрэмум 1981 года (+32).

Да канца гэтага тыдня захаваецца спякотнае надвор’е з максімальнай дзённай тэмпературай да +34 градусаў.

11 чэрвеня ў Менску чакаецца +29—31 градус. Можа быць пабіты рэкорд 1937 года (30,1).