Успамін пра міліцэйскія дубінкі



Пах кавы ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, вялізны бел-чырвона белы сцяг у фае музея каля пальмы, якая атожылкам была прывезеная з Крыма, ад той пальмы, якая расла каля дома, дзе паміраў Максім Багдановіч.

Праца над раманам “Паэт” пра Максма Багдановіча – гэта мой сакавік 1996 года.

24 сакавіка 1996 года. Мы сабраліся ў Літаратурным музеі Максіма Багдновіча на Траецкім і пайшлі на мітынг. Каля Опернага тэатру у нас была вялікая досыць кампанія, але калі заклікалі ісці да тэлебачання – пайшлі не ўсе.

Мы былі з Наталі Кавалеўскай, у яе тады з’явіўся фотаапарат – Кодак – яшчэ мала ў каго быў. Дзень быў сонечны.

Каля тэлебачання на газоне ляжаў глыбокі друзлы снег, і гурбы снегу перад газонамі. Снег блішчэў на сонцы, як россып дыямантаў. За гурбай снегу стаялі амапаўцы са шчытамі.

Адчуванні былі нерэальнасці – сонца, снег, шчыты. Усё блішчэла. Мы вырашылі сфатаграфавацца перад амапаўцамі – тады – гэта было нешта новае і, здавалася, нядоўгае. Як і той друзлы снег, які неўзабаве растане. 

Хаця ўжо былі – і жудаснае збіццё дэпутатаў у Авальнай залі і рэферэндум 1995 года, але здавалася, што ўсё выправіцца, што гэта кароткі зігзаг гісторыі. Я тады яшчэ верыла ў “гістарычную справядлівасць”. Сустрэлі паэта Анатолья Сыса, мастака Алеся Сушу, спявачку Касю Камоцкую.

Таксама сфатаграфавалі. Настрой быў добры, уявіць, што будуць біць можна было, але да свядомасці не даходзіла. У нейкі момант людзі пабеглі да будынку – і тут стала страшна, бо снег быў па калена, дюдзі сталі правальвацца, а міліцыянты іх пачалі біць ляжачымі.

І наш спадарожнік атрымаў дубінкай па назе.

Так я другі раз у жыцці пабачыла, як міліцыянты збіваюць людзей, першы раз тое было ў 1988 годзе на Дзяды, але тады быў яшчэ СССР.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ