Сяргей Пятрухін аштрафаваны на 30 базавых



Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін прызнаны вінаватым у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КоАП) і аштрафаваны на 30 базавых велічынь (765 рублёў). Такую пастанову абвясціў 11 чэрвеня суд Ленінскага раёна Берасця.

Пятрухіна затрымалі 2 чэрвеня прыблізна ў 12.45 на скрыжаванні вуліц Савецкай і Маякоўскага пасля таго, як ён звярнуўся да супрацоўніка міліцыі з просьбай прыняць заяву аб адміністрацыйным правапарушэнні. Блогера даставілі ў Ленінскі РАУС і да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 3 чэрвеня Пятрухіна даставілі ў суд Ленінскага раёна, дзе ён заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы і аб выдзяленні яму адваката. Суддзя задаволіў іх і прызначыў наступнае пасяджэнне 10 чэрвеня. Пятрухін быў вызвалены з-пад варты.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін назваў рашэнне суда неправамерным. „У дзеяннях блогера не было складу правапарушэння, у якім яго абвінавацілі. Пятрухін мае намер абскардзіць гэтую судовую пастанову, якая, на яго думку, незаконная і парушае яго правы”, — паведаміў БелаПАН Вялічкін.

Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў у сваім праекце „Народны рэпарцёр” на YouTube асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода, супраць якога пратэстуюць прадстаўнікі грамадскасці. Блогераў неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

18 красавіка суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў Пятрухіна вінаватым на падставе ч. 2 арт. 188 (паклёп) і ч. 2 арт. 189 (абраза) КК і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў 360 базавых велічынь (9 тысяч 180 рублёў). З яго таксама спагнана на карысць чатырох супрацоўнікаў міліцыі 7.500 рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.

Блогера, у прыватнасці, абвінавацілі ў тым, што 23 сакавіка 2018 года ён зняў відэаролік у будынку суда Ленінскага раёна Брэста, у якім утрымлівалася інфармацыя пра ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Сяргея Ігнацюка, якая „не адпавядае рэчаіснасці, істотна прыніжае яго гонар і годнасць, дыскрэдытуе пацярпелага ў вачах грамадскай думкі”.

Пятрухіна таксама абвінавацілі ў тым, што 3 красавіка мінулага года ён размясціў на сваёй старонцы ва „УКантакце” каментар, „які змяшчае пагардлівыя, прыніжальныя, негатыўна-ацэначны выразы, што не адпавядаюць нормам маўленчых зносін па форме”, да аднаго з відэаролікаў, чым нібыта наўмысна зняважыў гонар і годнасць чатырох супрацоўнікаў Ленінскага РАУС і прычыніў ім маральную шкоду.

Пятрухін не прызнаў сваёй віны, ён назваў гэты працэс „расправай над свабодай слова”, звязанай з тым, што ён займае актыўную пазіцыю ў дачыненні да акумулятарнага завода.

belapan.by