„АБ-БА” падвяло вынікі тэатральнай працы



Падведзеныя вынікі працы пазаўрочных заняткаў аб’яднання „АБ-БА” у карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову. Урачысты канцэрт для бацькоў дзяцей прайшоў у лялечным тэатры Беластока.

У праграму канцэрту ўвайшлі новыя спектаклі ў выкананні ўдзельнікаў Тэатральнага гуртка „Гульня ў тэатр” – „У дзяржаве мурашынай”, „Чорт і баба” (інструктар Яанна Троц), „Бураціна” (інструктар Бернард Мацей Баня), а таксама танцавальныя і вакальныя нумары ў выкананні Беларускага дзіцячага ансамбля танца „Падляшскі вянок” (інструктар Аксана Прус) і гурту „Баламуткі” (інструктар Кірыл Лепай).

„За год зроблена шмат, ёсць новыя ўзнагароды, але гэта не галоўнае”, – кажуць інструктары Аксана Прус і Кірыл Лепай:

– Дзеці працуюць, ведаюць, што харэаграфічная праца цяжкая. Вельмі стараюцца, хочуць працаваць. Тое, што мы ідзем на нейкі міжнародны ўзровень, на нейкі фестываль – гэта канешне добра. Але самае галоўнае, каб кожны ў сабе ўнутры нёс беларускую культуру, меў да яе павагу.

– Конкурсы добра, але самае галоўнае дасягненне – гэта тое, што дзеці вучаць беларускую мову, літаратуру, гісторыю, што яны на гэтай мове вучацца граць на сцэне, вучацца танцаваць гэтай мовай, спяваць дзякуючы гэтай мове.

Летам аб’яднанне не супыняе сваёй працы. Для дзяцей плануюцца традыцыйныя летнікі.

Беларускае Радыё Рацыя