Беларусы сталі больш цікавіцца сваёй гісторыяй



Берасцеец Васіль Бурдзін зрабіў ілюстраваныя турыстычныя карткі-схемы раёнаў Берасцейскай вобласці. На гэтых картках размешчаны выбітныя будынкі, нацыянальныя строі і адметнасці флоры ды фаўны таго ці іншага рэгіёну Берасцейшчыны.

Замоўцам выступіла Упраўленне спорту і турызму Берасцейскага аблвыканкаму, якое апошнім часам актыўна пачало рэпрэзентаваць рэгіён як для нацыянальных турыстаў, так і для замежнікаў. Кажа экскурсавод і гід-перакладчык Вольга Малафеечава:

Крыху развіваецца нацыянальны турызм. Людзі больш цікавяцца сваёй гісторыяй, сваімі нацыянальнымі героямі і ўжо, напрыклад, такія маршруты як “Шляхам Касцюшкі” ці “Шляхам Міцкевіча” будуць набіраць усё большую папулярнасць. Проста гэтым таксама трэба займацца. Не толькі арыентавацца на замежных турыстаў, але трэба памятаць пра тое, што калі самі беларусы будуць любіць і ганарыца тым, што яны маюць, то яны, канешне ж, будуць з такім жа гонарам распавядаць пра гэта сваім гасцям, якія да іх прыязджаюць.

На картках аўтарства Васіля Бурдзіна можна пабачыць сядзібу Нямцэвічаў Берасцейскага раёну, дзе падпісалі перамір’е ў Першай Сусветнай, ці ўсыпальніцу апошняга караля Рэчы Паспалітай –  Троіцкі касцёл у Воўчыне Камянецкага раёну, а таксама іншыя цікавосткі. “Берасцейшчына – гэта не толькі крэпасць і Белавежская пушча”, – зазначаюць адмыслоўцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце