Вольга Прусак: Штраф мусіць плаціць не Пушкін, а “Еўраопт”



Жыхарка Віцебску, драматург Вольга Прусак ініцыявала флэшмоб у падтрымку мастака  Алеся Пушкіна, якога ўчора аштрафавалі за  правядзенне несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. 6 чэрвеня ён правёў перформанс у абарону беларускай мовы і супраць расейскай агрэсіі на прыступках крамы “Еўраопт” ў райцэнтры Крупкі. Нагодай для мастацкай акцыі стаў інцыдэнт з супрацоўнікам крамы: той абражаў беларускую мову і груба размаўляў з пакупніком.

На думку Вольгі Прусак, перформанс Пушкіна – гэта рэакцыя на інцыдэнт, пасля якога “Еўраопт” мусіў выбачыцца перад пакупніком:

-Калі пішуць скаргу, то мусіць быць адказ ад арганізацыі, так? Вось скаргай  Алеся Пушкіна і быў яго мастацкі акт!  Вы павінны прынесці прабачэнні чалавеку культурнаму, чыя творчасць, чые ідэі застануцца для нашчадкаў. А гэты менеджар, што пакрыўдзіў – ён не будзе для нашчадкаў! Гэта трэба разумець! Не было б і гэтай акцыі, каб проста напісалі прабачэнні чалавеку, які  проста нацыянальны здабытак ёсць!

Флэшмоб, які распачала Вольга Прусак, найперш  адрасаваны “Еўраопту”. На ганках віцебскай крамы яна сфатаграфавалася са свінячай галавой у какошніку.

Гэты вобраз, паводле яе меркавання, адлюстроўвае  нявыхаванасць і, проста кажучы, свінскае стаўленне да ўсяго беларускага.  Здымак выкладзены на яе старонцы  ў Фэйсбуку разам з заклікам падтрымаць флэшмоб у сацыяльных сетках.

Фота ў падтрымку перформансу Вольгі Прусак

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота са старонкі Вольгі Прусак у Фэйсбуку