Ці варта верыць словам Пуціна?



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі пракаментаваў словы Уладзіміра Пуціна, што ў Крамля няма планаў па дзяржаўным аб’яднанні Расеі і Беларусі.

Днямі Уладзімір Пуцін заявіў: “Па маім глыбокім перакананні, беларусы і расейцы – адзін народ. Але так склалася, што мы жывем у розных краінах, розныя дзяржавы ўтварыліся. Сёння няма ніякіх падстаў для дзяржаўнага аб’яднання. У нас няма такіх планаў, такіх мэтаў няма. У нас ёсць план па будаўніцтву так званай саюзнай дзяржавы, я перакананы, што нашы людзі ў гэтым зацікаўлены”.

Віталь Рымашэўскі: Словы Пуціна ў чарговы раз разыходзяцца з тымі справамі, якія робіць Масква ў Беларусі. І разыходзяцца з тымі заявамі, якія робяць нярэдка афіцыйныя чыноўнікі расейскага МЗС альбо амбасадары.

РР: Яны даволі нервова рэагуюць на любыя праявы пашырэння беларускай мовы, нацыянальнай культуры, сімволікі…

Віталь Рымашэўскі: Масква не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, вядзе паслядоўную палітыку гібрыднай акупацыі. Дарэчы, Пуцін у сваёй прамове супярэчыў сам сабе. Ён сказаў, што Расея не прэтэндуе на незалежнасць Беларусі, і ў той жа час заяўляе, што беларусы і рускія – адзін народ.

Па-першае, гэта дэманструе абсалютнае невуцтва Пуціна, і, па-другое, ад кіраўніка іншай дзяржавы гэта гучыць як абраза. На жаль, беларускі кіраўнік нярэдка робіць такія ж самыя заявы. Гэта значыць, што для Беларусі па-ранейшаму існуе пагроза незалежнасці, а гібрыдная акупацыя працягнецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nation-news.ru і ru.tsn.ua