Чарговае абмеркаванне „Дружбы”



Віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Казак правядзе 14 чэрвеня ў Маскве перамовы са сваім беларускім калегам Ігарам Ляшэнкам, падчас якіх абмяркуе сітуацыю з забруджваннем нафты ў трубаправодзе „Дружба”. Пра гэта паведаміў журналістам афіцыйны прадстаўнік Казака Ілля Джус.

„14 чэрвеня адбудзецца сустрэча з Ляшэнкі ў Маскве. Гэта ў цэлым працоўны кантакт па энергетычнай сферы, у тым ліку будзе разгледжана і сітуацыя з „Дружбай”, — цытуе Джуса агенцтва RNS.

Афіцыйны прадстаўнік Казака дадаў, што рашэнне па аб’ёме і форме кампенсацыі беларускаму боку з-за забруджвання нафты ў трубаправодзе пакуль не прынята. „Рашэнняў па кампенсацыям пакуль не прымалася. Тут пакуль змяненняў няма”, — сказаў ён.

Як паведамляў БелаПАН, па выніках сустрэчы Ляшэнкі і Казака ў канцы траўня Расея і Беларусь дамовіліся да 10 чэрвеня распрацаваць і зацвердзіць методыку ацэнкі патэнцыйнай шкоды ад пападання ў сістэму магістральных нафтаправодаў, якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, няякаснай нафты. Таксама бакі дамовіліся выпрацаваць узгодненыя прапановы па мінімізацыі і варыянтах кампенсацыі названага ўрону з адпаведнымі разлікамі і абгрунтаваннямі.

Забруджаная хлорарганікай сыравіна пачала паступаць па трубаправодзе ў красавіку. З-за няякаснай расейскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Неўзабаве транзіт нафты ў Еўропу па трубаправодзе „Дружба” быў спынены цалкам. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку траўня. 11 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з-за паставак няякаснай расейскай нафты Беларусь страціла „велізарныя грошы” — сотні мільёнаў даляраў. Паводле ацэнкі беларускіх спецыялістаў, недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у красавіку склала 108 млн даляраў, а ўрон ад пашкоджанага абсталявання Мазырскага НПЗ — прыкладна 30 млн даляраў. У сваю чаргу міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак заявіў, што агульны ўрон ад забруджвання нафты ў трубаправодзе „Дружба”, хутчэй за ўсё, не перавысіць 100 млн даляраў.

Перамовы аб кампенсацыі ўрону вядуцца ўжо некалькі тыдняў.

belapan.by