У Беларусі не адмаўляюцца ад ідэі аднаўлення воднага шляху па Прыпяці
Ва ўрадзе Беларусі разлічваюць, што аднаўленне воднага транспартнага шляху Е40 з Польшчы ва Украіну цераз беларускую тэрыторыю — па рацэ Прыпяць — дазволіць перавозіць па рацэ да 6 млн тон грузаў штогод. Паводле звестак БелаПАН, такая лічба прыведзеная ў падрыхтаванай міжведамаснай рабочай групай пры Саўміне канцэпцыі развіцця патэнцыялу Прыпяці.
Гэта, адзначаюць у Саўміне, у тры разы больш за ўвесь аб’ём водных грузаперавозак у краіне.
На думку распрацоўшчыкаў канцэпцыі, шлях Е40 мае канкурэнтныя перавагі для перавозчыкаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў параўнанні з існымі воднымі маршрутамі.
На асобных участках Прыпяці, адзначаецца ў дакуменце, суднаходства немагчымае з-за змяншэння глыбіні. У сувязі з гэтым прапануецца актывізаваць будаўніцтва адмысловых выпраўных збудаванняў і гідравузлоў. Аднак, падкрэсліваецца ў канцэпцыі, работы не дадуць выніку без прыцягнення інвестыцый у развіццё партовай і рачной інфраструктуры і каардынацыі дзеянняў з польскім і ўкраінскім бакамі.
На думку аўтараў дакумента, прывядзенне да стандартаў суднаходства дазволіць ажыццяўляць стабільныя водныя зносіны з Украінай і экспартаваць у гэтую краіну рачным транспартам нафтапрадукты, мінеральныя ўгнаенні, лес і зерне.
Падкрэсліваецца, што попыт на рачное транспартаванне грузаў будзе залежаць ад суадносін цаны і якасці паслуг.
Асноўнай складанасцю праекта ва ўрадзе лічаць захаванне біялагічнай разнастайнасці Палесся і забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання экасістэм.
Як паведамлялася, міжведамасная рабочая група па падрыхтоўцы канцэпцыі развіцця патэнцыялу Прыпяці была створаная распараджэннем прэм’ер-міністра ў верасні 2018 года.
Па тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Украіны можа быць пракладзены водны шлях Е40, які звяжа Балтыйскае мора з Чорным. Праект распрацаваны польскім Марскім інстытутам у Гданьску ў рамках праграмы трансмежавага супрацоўніцтва „Польшча — Беларусь — Украіна”, якая фінансуецца Еўразвязам. Ён закліканы актывізаваць гандаль паміж трыма суседнімі краінамі.
Прадстаўнікі найбуйнейшых беларускіх бізнес-саюзаў, а таксама экалагічныя арганізацыі неаднаразова крытыкавалі праект з-за высокай капіталаёмістасці і магчымага негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе.
У лістападзе мінулага года, пасля пакінутага без адказу звароту ў Адміністрацыю прэзідэнта і ўрад, Беларускі саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага, Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя апублікавалі адкрыты ліст прэм’ер-міністру Сяргею Румасу з заклікам адмовіцца ад праекта стварэння воднага шляху па Прыпяці і развіваць у гэтым рэгіёне аграэкатурызм.
belapan.by