Забарона на наведванне лясоў уведзена ў 42 раёнах Беларусі
Абмежаванні дзейнічаюць у Маларыцкім раёне Берасцейскай вобласці, шасці раёнах Гарадзенскай (Астравецкім, Смаргонскім, Ашмянскім, Іўеўскім, Лідскім і Воранаўскім), чатырох раёнах Магілёўскай (Краснапольскім, Касцюковіцкім, Хоцімскім і Бялыніцкім), васьмі раёнах Менскай (Бярэзінскі, Валожынскі, Дзяржынскі, Любанскі, Менскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Сталбцоўскі, Старадарожскі, Уздзенскі) і большасці раёнаў Гомельскай вобласці (Гомельскі, Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Рагачоўскі, Светлагорскі, Чачэрскі, Хойніцкі).
Рашэнні па ўвядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюцца мясцовымі органамі ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. На сайце Мінлясгаса размешчана інтэрактыўная карта, па якой можна адсочваць увядзенне і зняцце абмежаванняў у сваім рэгіёне. Карта аператыўна абнаўляецца.
Для ліквідацыі лясных пажараў у Мінлясгаса маюцца 257 пажарна-хімічных станцый, а таксама 660 пунктаў супрацьпажарнага інвентару, якія ўкамплектаваны неабходнай колькасцю сродкаў пажаратушэння. Выкарыстоўваюцца 545 пажарных аўтамабіляў, больш за 360 бочак для падвозу вады, 355 лесапажарных модуляў для аператыўнага тушэння, 1803 мотапомпы і 12,6 тысячы ранцавых апырсквальнікаў, больш за 1 тысячу глебаапрацоўчых прылад для пракладкі мінералізаваных палос. Для ранняга выяўлення лясных пажараў створана сетка з больш чым 620 пажарна-назіральных вышак і мачтаў, з іх звыш 530 абсталяваны сродкамі відэаназірання.
У Беларусі ўстанавілася анамальна гарачае надвор’е з тэмпературным фонам значна вышэй за кліматычную норму, што абумовіла павышэнне ўзроўню пажарнай небяспекі. Спякота захаваецца да канца тыдня. Будзе пераважна без ападкаў, магчымыя толькі невялікія дажджы лакальнага характару. Аранжавы ўзровень небяспекі з-за спякоты аб’яўлены ў Беларусі на бліжэйшыя дні, 12-15 чэрвеня.
Фота belwood.by