Павел Левінаў: Я не буду чакаць новага замаху на жыццё (абноўлена)



Пазамінулай ноччу невядомыя пашкодзілі тармазны шланг у аўтамабілі віцебскага праваабаронцы.

Міліцыянты забралі дэталь на экспертызу, але па дадатковыя звесткі да Паўла Левінава не звярталіся, хаця абяцалі зрабіць гэта яшчэ ўчора. Пашкоджаны аўтамабіль знаходзіцца ў рамонце, а пра ўчорашняе здарэнне нагадвае толькі лужына тармазной вадкасці, якая выцекла на асфальт з перарэзанага шланга.

Павел Леваінаў кажа, што стрэс яшчэ не прайшоў, але спыняць сваёй праваабарончай дзейнасці ён не збіраецца:

– Прайшлі практычна суткі, але я яшчэ не прыйшоў у сябе, бо разумею тую сітуацыю, якая магла б адбыцца. А добра, што яна, прынамсі, спынілася на гэтым этапе. А далей я ўключу тэлевізар, паслухаю ў чарговы раз, што Беларусь – самая спакойная краіна, што тут бяспечна хадзіць ноччу па вуліцах, што тут спакойна жыць, што мая міліцыя мяне беражэ… Разумееце, жыць і азірацца, ці не йдзе нехта за табой, або ўвесь час паглядаць на дах, ці не ляціць цагліна, думаць, ці не перарэзаны шлангі ў машыне, ці нешта яшчэ – гэта ж можна звар’яцець. Я так не буду – буду жыць, як жыў, і чым займаўся, тым і буду займацца.

Павел Левінаў жыве ў вялікім шматкватэрным доме, дзе ў двары стаяць некалькі дзясяткаў машын. Але непрыемнасці з тармазным шлангам здарыліся толькі ў яго. Праваабаронца кажа, што нікога асабіста не падазрае, і падкрэслівае, што шукаць вінаватых – гэта абавязак віцебскай міліцыі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя